Нефармальную адукацыю — у рэгіёны
У рэгіёнах не хапае адукацыі для дарослых — да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі VI Фэсту нефармальнай адукацыі, што на выходных скончыў працу ў сталіцы.
Папулярнасць інстытуцый дзеля дадатковай адукацыі дарослых, асабліва так званага «трэцяга ўзросту», заўважаецца ў сталіцы і абласных гарадах.
Старшыня Рады Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы Дзмітрый Карпіевіч кажа:
— Безумоўна, праграма нефармальнай адукацыі па-ранейшаму ладзіць больш у Мінску і ў буйных гарадах. У рэгіёнах іх не так шмат. А калі мы кажам пра сельскую мясцовасць, то там увогуле не шмат такіх праграм.
Карпіевіч зазначае, што беларуская Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы арыентуецца на нядаўна прыняты ў Еўропе «Маніфест адукацыі дарослых у 21-м стагоддзі», аўтары дакументу мяркуюць, што роля такой адукацыі можа стаць ключавой для выклікаў новага часу.
— Увесь час свет змяняецца. Ён змяняецца ў розных накірунках. І чалавек вымушаны ўвесь час чамусьці навучацца. Таму патрэбна часам істытуцыянальная падтрымка такога навучання. Таму ў фестывалю адной з мэтай было — развіццё нефармальнай адукацыі менавіта ў рэгіёнах Беларусі.
Дзмітрый Карпіевіч спадзяецца, што беларуская ўлада скарыстаецца досведам еўрапейскіх краін, дзе палажэнні аб адукацыі дарослых разгледжаны асобна і падрабязна.
Беларускае Радыё Рацыя
http://www.racyja.com/hramadstva/zavyarshyu-svayu-pratsu-vi-fest-nefarmalna/