Нельга дазваляць страху перад ракам кіраваць нашым жыццём
Сёння спаўняецца два гады, як адышоў у Вечнасць наш галоўны рэдактар Аляксей Кароль. Напярэдадні яго дачка Ірына
Віданава паразмаўляла з доктарам Элэйн Лім з Сінгапурскага нацыянальнага
анкалагічнага цэнтра. Яна лячыла Аляксея ў чэрвені-верасні 2015 года і
зрабіла ўсё, каб яго апошнія дні прайшлі годна.
Доктар Элэйн Лім з’яўляецца
практыкуючым доктарам і адным з вядучых спецыялістаў па раку лёгкіх, праводзіць
лабараторныя даследаванні ў Інстытуце генома Сінгапура і Інстытуце малекулярнай
і клеткавай біялогіі, а таксама ўдзельнічае ў клінічных эксперыментах. Чытачам “Новага
часу” яна распавядае пра рэвалюцыйныя прарывы ў лячэнні ракавых захворванняў, адносіны
паміж доктарам і пацыентам, а таксама пра тое, ці варта жыць у страху перад ракам,
і што рабіць, калі пастаўлены страшны дыягназ.
Доктар Элэйн Лім
— Я памятаю, як прааналізаваўшы вынікі ПЭТ-сканавання, якія ўказвалі на метастазы, вы паведамілі нам, што не зможаце вылечыць бацьку, але зробіце ўсё магчымае, каб павялічыць працягласць і якасць ягонага жыцця. Гэта былі шокавыя навіны, аднак вельмі хутка ў Сінгапуры мы зразумелі, наколькі гэта было каштоўным. Што разумецца пад якасцю жыцця ў дачыненні да ракавага пацыента?
— Пад якасцю жыцця мы разумеем максімальна магчымае змяншэнне трывожных сімптомаў, такіх як боль, дыхавіца ці кашаль. Калі ў лёгкіх збіраецца вадкасць, то можна ўставіць трубку, каб вывесці вадкасць, і пацыенту становіцца лягчэй дыхаць. Ці, напрыклад, з дапамогай лячэння мы дамагаемся змяншэння пухліны, якая цісне на нерв і выклікае дыскамфорт. Існуюць апіятныя прэпараты, якія ўсмоктваюцца праз скуру, а значыць пацыенту не трэба глытаць лішнія таблеткі. Мы імкнёмся забяспечыць пацыентам годнае жыццё, у якім ёсць месца не толькі пакутам, але і радасцям.
— Бацька быў гісторыкам і рэдактарам, дапытлівым ад прыроды. Ён хацеў зразумець, што з ім адбываецца, і задаваў вам і вашым студэнтам безліч пытанняў. Вы заўжды вельмі па-чалавечы адгукаліся і адказвалі на ўсе яго і нашы пытанні, знаходзячы зразумелыя фармулёўкі. Паміж вамі, доктарам, і бацькам, вашым пацыентам, не было бар’еру. Вы ні разу не сказалі, што нешта было занадта складаным, каб патлумачыць неадмыслоўцу. Бацька меў права ведаць. І гэта, бадай, было самым вялікім адрозненнем паміж нашым досведам у Беларусі і ў Сінгапуры. Гэта дапамагло пераадольваць страх і падтрымлівала дух, нягледзячы на тое, што рак не адступаў. Якую ролю грае камунікацыя паміж доктарам і пацыентам у іх агульным змаганні з хваробай?
— Я за тое, каб паведамляць дыягназ. Гэта дазваляе растлумачыць схему лячэння і падрыхтаваць пацыента да таго, што яго чакае. Я хачу, каб мае пацыенты спадзяваліся на лепшае, але былі гатовымі да горшага. Таму камунікацыя павінна быць адкрытай.
Аднак будучы адкрытым,
інфарматыўным і зразумелым, доктар мусіць адчуваць свайго пацыента і не зламіць
ягоны дух. Мастацтва быць доктарам заключаецца і ў тым, каб знайсці тонкую
грань, як распавесці пацыенту пра сітуацыю рэалістычна, але пры гэтым
падтрымаць і падбадзёрыць яго.
— У апошні час было даволі шмат навінаў пра дасягненні ў лячэнні ракавых захворванняў, асабліва ў галіне імунатэрапіі. Патлумачце, калі ласка, як гэта працуе і чым гэты метад адрозніваецца ад традыцыйных?
— Імунатэрапія знаходзіцца ў цэнтры ўвагі анколагаў ва ўсім свеце і выклікае надзвычай высокую цікаўнасць.
Медычныя даследаванні дапамаглі нам значна лепш разумець рак і як яго лячыць. Выяўленне спецыфічных малекулярных змяненняў рака і выпрацоўка лячэння, скіраванага на гэтыя малекулярныя змяненні, сталі сапраўднай рэвалюцыяй у тэрапіі рака, у тым ліку рака лёгкіх. Аднак высокая малекулярная разнастайнасць рака з’яўляецца сур’ёзным выклікам для таргетнага лячэння.
У імунатэрапіі зусім іншы прынцып. Тут выкарыстоўваецца натуральная перавага імуннай сістэмы, а менавіта яе здольнасць вызначаць і атакаваць ракавыя клеткі, незалежна ад іх малекулярнай разнастайнасці.
Традыцыйныя хіміятэрапія і прамянёвая тэрапія, умоўна кажучы, менш пераборлівыя, што тычыцца наступстваў іх уздзеяння на клеткі. Яны адначасова забіваюць як ракавыя (“дрэнныя”), так і здаровыя (“добрыя”) клеткі. Гэта выклікае шырока вядомыя пабочныя эфекты, такія як млоснасць, ваніты, выпадзенне валасоў і г.д. Малекулярна-таргетныя лекі і імунатэрапія таксама маюць пабочныя эфекты, але яны іншыя па сваёй прыродзе і, як правіла, менш знясільваючыя для пацыента.
Імунатэрапія ўключае ў сябе некалькі аспектаў, у тым ліку монакланальныя антыцелы, вакцыны і Т-клеткі, сканструяваныя з хімернымі рэцэптарамі антыгенаў. Найбольшы інтарэс і спадзяванні звязаныя з так званай “імуннай блакадай кантрольных кропак” (immune checkpoint blockade). Гэта там, дзе пухлінныя клеткі блакуюць імунныя клеткі праз узаемадзеянне адпаведных малекул клеткавай паверхні. Імунная блакада кантрольных кропак разбурае гэтае ўзаемадзеянне і імунная сістэма працягвае працаваць у звычайным рэжыме, то бок сама знаходзіць і ліквідуе пухлінныя клеткі.
— Колькі прыблізна часу праходзіць ад моманту вынаходніцтва новых прэпаратаў ад рака да іх з’яўлення на рынку і шырокага выкарыстання?
— Звычайна каля 12-15 год. Перспектыўным лекам, што прайшлі даклінічныя выпрабаванні, спачатку трэба надаць форму, у якой яны могуць ужывацца чалавекам, паводле такіх параметраў як растваральнасць, біядаступнасць і шэрагу іншых. Затым адбываюцца тры фазы клінічных выпрабаванняў, падчас якіх тэсціруецца бяспека лекаў (пабочныя эфекты), разлічваюцца дозы, вымяраецца эфектыўнасць (уплыў лекаў на памер пухлін) і выжывальнасць пацыентаў. Потым лекі зацвярджаюцца нацыянальнымі органамі аховы здароўя.
Зараз пацыентаў для клінічных выпрабаванняў сталі адбіраць на аснове іх малекулярных профіляў. У лабараторыях таксама ўдасканальваюцца метады скрынінгу і адбору патэнцыйных лекаў. Усё гэта дазваляе скараціць час паміж вынаходніцтвам новых прэпаратаў і іх запускам у вытворчасць ды шырокае выкарыстанне.
— Дзякуючы дасягненням навукі і медыцыны, змяншаецца смяротнасць і павялічваецца працягласць жыцця ракавых пацыентаў. Але пры гэтым статыстыка ўказвае на агульны рост анкалагічных захворванняў. Чаму так адбываецца?
— Тут два пытанні: ранняя дыягностыка і прагрэс у лячэнні на больш позніх стадыях. Для шэрагу ракавых захворванняў існуюць эфектыўныя метады скрынінгу насельніцтва. Напрыклад, для раку шыйкі маткі — мазок, раку малочнай залозы — мамаграфія, раку тоўстай кішкі — калонаскапія. Гэтыя віды раку паддаюцца ранняй дыягностыцы і ранняму ўмяшальніцтву — адпаведна, і вынікі тут выдатныя.
Аднак далёка не для ўсіх відаў раку існуюць такія тэсты і метады дыягностыкі.
Гледзячы на іншы канец спектру ракавых захворванняў ужо на позніх стадыях, мы пачынаем усведамляць, што неабавязкова цалкам выкараняць пухліну, каб павялічыць працягласць жыцця і значна мінімізаваць сімптомы. У гэтым дапамагаюць малекулярна-таргетныя прэпараты і імунатэрапія. Тут сапраўды здзейснены прарыў і ёсць чаму радавацца, аднак трэба памятаць, што не кожны пацыент станоўча рэагуе на гэтыя прэпараты, а таму нашы чаканні павінны быць утаймаванымі.
— Гэта новая рэчаіснасць мае двайны эфект. З аднаго боку, многім яна дае надзею, што рак — гэта не смяротны вырак. З іншага, частка людзей пачынае ўспрымаць гэту хваробу як нешта непазбежнае і жыве ў страху. Якім, на ваш погляд, павінна быць здаровае стаўленне да рака? Як захаваць баланс паміж усведамленнем рызыкаў і асалодай ад жыцця?
— Да гэтага часу мы дакладна не ведаем, чаму адны людзі хварэюць на рак, а іншыя — не. Аднак нельга дазваляць страху перад гэтай хваробай кіраваць нашым жыццём і руйнаваць яго.
Я заклікаю ўсіх рабіць кантрольныя аналізы і тэсты, пра якія казала вышэй. Калі ж дыягназ пастаўлены на позняй стадыі, то я бы раіла прывесці ў парадак свае асабістыя і прафесійныя справы, сфакусавацца на плане лячэння і пастарацца заняць пазіцыю, што вы валодаеце сітуацыяй, а не наадварот.
Паколькі медыцынская
навука развіваецца вельмі хутка, у ракавых пацыентаў ужо зараз значна больш
шансаў жыць жыццём максімальна набліжаным да нармальнага. Калі трымаеш у галаве
такі падыход да праблемы, то пачынаеш пачувацца больш упэўнена!
— Ці існуе такая рэч, як прафілактыка рака? Што чалавек можа зрабіць, каб знізіць рызыкі захварэць на рак? Ці адыгрывае тут ролю модны зараз здаровы лад жыцця?
— Некаторыя віды рака паддаюцца прафілактыцы. Звычайна гэта тыя, якія звязаныя з ужо вядомымі вірусамі. Напрыклад, робіцца вакцынацыя ад віруса папіломы чалавека, каб прадухіліць рак шыйкі маткі, і ад віруса гепатыта B, каб прадухіліць рак печані.
Пакуль няма адназначных
доказаў таго, што здаровае харчаванне прадухіляе рак. Аднак трэба сачыць за
сваёй вагой і пазбягаць атлусцення. Вага ўплывае на агульны стан здароўя
чалавека, які ўключае ў сябе і сардэчна-судзінкавую сістэму, а таму правільнае
харчаванне і фізічныя нагрузкі з’яўляюцца вельмі важнымі. Зараз ужо дастаткова
дадзеных, якія ўказваюць на тое, што некаторыя віды рака сапраўды звязаныя з
атлусценнем. Пра шкоду палення ўжо ўсе ведаюць. І кінуць паліць можа кожны.
Гэта пытанне самадысцыпліны!
— Калі чалавеку ставяць дыягназ "рак лёгкіх", што трэба рабіць, каб павялічыць шансы на паспяховае лячэнне? Ці варта заўжды спрабаваць атрымаць альтэрнатыўнае меркаванне, альбо пацыенту трэба даверыцца свайму доктару і дзейнічаць як мага хутчэй?
— Пасля таго, як пастаўлены дыягназ на аснове біяпсіі, трэба вызначыць стадыю захворвання. Гэта робіцца з дапамогай кампутарнай тамаграфіі ці, яшчэ лепш, ПЭТ-сканавання. Калі рак знаходзіцца на ранняй стадыі, то гэта, часцей за ўсё, азначае хірургічнае ўмяшальніцтва і аперацыю, пасля якой назначаецца хіміятэрапія ці прамянёвая тэрапія. Калі ёсць метастазы, то праводзіцца малекулярнае прафіляванне пробы біяпсіі, каб паглядзець, ці існуюць для дадзенага віду змяненняў клетак малекуларна-таргетныя прэпараты. Альбо прызначаецца імунатэрапія. Некаторыя анкалагічныя цэнтры таксама прапануюць пацыентам узяць удзел у клінічных выпрабаваннях, што азначае хуткі доступ да новых лекаў, па якіх, аднак, пакуль бракуе інфармацыі адносна іх эфектыўнасці.
Лячэнне рака — гэта
падарожжа, таму ідэальна, калі паміж пацыентам і доктарам узнікае “хімія”,
своеасаблівая сувязь! У нашу інфармацыйную эпоху, інфармацыі шмат і яна
даступная, таму я лічу, што пошук альтэрнатыўнага меркавання мае сэнс. У
інтарэсах самога пацыента атрымаць не адно, а некалькі меркаванняў. Аднак калі
вы ўжо вызначыліся з доктарам, то заставайцеся з ім.