Незалежнага журналіста не пусцілі на адкрыццё ганаровага консульства Славакіі ў Брэсце

Новая дыпламатычная ўстанова месціцца на вуліцы Камсамольскай у офісе ААТ «Прадтавары». Бо менавіта генеральны дырэктар гэтага гандлёвага прадпрыемства Міхаіл Козіч прызначаны ганаровым консулам Славакіі.

1_8_1.jpg

На ўрачытасць спрабаваў трапіць сябра ГА «БАЖ» Яўген Скрабец, каб зрабіць рэпартаж для «Радыё Рацыя», аднак мужчына, які не назваў сваё прозвішча, але прадставіўся супрацоўнікам ахоўнай службы ААТ «Прадтавары», не дазволіў журналісту наведаць імпрэзу.
— Спачатку ахоўнік папрасіў у мяне дакументы, каб спраўдзіць у некага з арганізатараў мерапрыемства, ці магу я асвятляць гэтую падзею, — распавёў службе маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Яўген Скрабец. — Пасля вяртання ахоўнік паведаміў, што мая прысутнасць на імпрэзе, як карэспандэнта «Радыё Рацыя», непажаданая. Так вырашыў кіраўнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама Генадзь Іванчын.
Як сведчаць брэсцкія журналісты, ніякай інфармацыі аб неабходнасці папярэдняй акрэдытацыі СМІ на мерапрыемства не было.
Пры гэтым журналісты дзяржаўных СМІ ніякіх перашакод для асвятлення ўрачыстай цырымоніі не мелі. Дарэчы, ганаровае консульства Славакіі стала дзевятым дыпламатычным прадстаўніцтвам у Брэсце.
Паводле baj.by