Незалежныя прафсаюзы адмовіліся ад акцыі на Дзень працы
Прычына тая ж, што з Чарнобыльскім шляхам: не хочуць плаціць міліцыі за ахову.

Савецкі плакат. Зайцаў І.
Беларуская канфедэрацыя дэмакратычных прафсаюзаў вырашыла ў 2019 годзе адмовіцца ад правядзення вулічных акцыяў на 1 траўня — Міжнародны дзень салідарнасці працоўных. Прычына тая ж, што з Чарнобыльскім шляхам: не хочуць плаціць міліцыі за ахову.
Адмову ад акцыяў пацвердзіў Радыё «Свабода» старшыня Канфедэрацыі Аляксандр Ярашук — гэтае рашэнне прынялі 11 красавіка.
Прычына адмовы ад акцыяў, тлумачыць Ярашук, тая ж, што была ў арганізатараў Чарнобыльскага шляху: міліцыі трэба плаціць «шалёныя грошы», а гэта, кажа ён, «здзек з людзей, з арганізацыі, са здаровага сэнсу». Калі выбіраць між тым, каб адмаўляцца ад аплаты і парушаць правілы арганізацыі мітынгаў, і тым, каб нічога не ладзіць, другое будзе больш правільным, разважае ён.