«Ні Сталін, ні Брэжнеў, ні Андропаў не закрылі Саюз пісьменнікаў, і толькі беларуская ўлада зрабіла гэта»
У настроях і дзейнасці пісьменнікаў, якія раней уваходзілі ў «Саюз беларускіх пісьменнікаў», нічога асабліва не зменіцца, заявіў у інтэрв'ю «Народнай волі» старшыня ліквідаванай арганізацыі Барыс Пятровіч.
Вярхоўны суд ліквідаваў «Саюз
беларускіх пісьменнікаў» у мінулую пятніцу, 1 кастрычніка. Падставай для пазову
сталі два папярэджанні Мінюста, вынесеныя СБП яшчэ ў ліпені. Абодва прыйшлі на
працягу тыдня. Мінюст прасіў справаздачу аб працы арганізацыі за тры гады.
Сабраць інфармацыю трэба было за паўдня, але ў гэты час у СБП з ператрусам
прыйшоў СК і ўсе паперы для справаздачы засталіся за апячатанымі дзвярыма.
Барыс Пятровіч успамінае, што
праблемы з уладай у найстарэйшага пісьменніцкага саюза, які быў створаны ў
1933-1934 гадах, здараліся перыядычна. «Але ні Сталін, ні Брэжнеў, ні
Андропаў не закрылі Саюз пісьменнікаў, і толькі беларуская ўлада зрабіла
гэта».
Тым не менш, пісьменнікі настроеныя і далей займацца тым, што рабілі да гэтага часу.
«Па-ранейшаму будуць
арганізоўвацца літаратурныя вечарыны, праводзіцца фестывалі, уручацца прэміі…
Мы раней рабілі гэта на грамадскіх пачатках і будзем працягваць. Толькі ўжо не
ад імя СБП, а прыватна. Як у свой час рабілі Купала і Колас, Ластоўскі і браты
Луцкевічы. Вядома, не хацелася б у суверэннай дзяржаве ў ХХІ стагоддзі вяртацца
ў дарэвалюцыйныя часы. Але што зробіш, калі такі наш лёс», — адзначыў
Барыс Пятровіч.
Паводле яго слоў, практычна ўсе
ліквідаваныя грамадскія арганізацыі працягваюць працу ў тым ці іншым фармаце.
«Чыноўнікі ніяк не хочуць
зразумець, што, па вялікім рахунку, для нас нічога не зменіцца. Яны не вераць,
што людзі могуць працаваць не за грошы, а за ідэю», — заўважыў кіраўнік
ліквідаванага СБП. Прадстаўнікі дзяржавы думалі, што з ліквідацыяй трэцяга
сектара, людзі змоўкнуць і разбягуцца па кутах, але «нам няма чаго
губляць», кажа Барыс Пятровіч.
«У нас не было ніякіх выгод.
З усіх саступак дзяржавы ў нас была толькі адна: члены нашага Саюза не лічыліся
дармаедамі», — адзначае ён. Цяпер жа некалькі дзясяткаў пісьменнікаў маюць
гэтае «ганаровае» званне.
Ён таксама перакананы, што ў
будучыні «Саюз беларускіх пісьменнікаў», які мае багатую гісторыю, абавязкова
адновіцца.
Паводле «Еўрарадыё».