Незалежны прафсаюз на “Граніце” стаў падзеяй году

Рэгіянальнай падзеяй году прызнанае стварэнне суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве “Граніт" у Мікашэвічах. Ініцыятыва штогод адзначаць “Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці" зыходзіць ад Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі.  



praf_lidary.jpg

На цырымоніі ўзнагароджання прысутнічаў адзін з лідараў гранітаўскай прафсаюзнай суполкі Анатоль Літвінка:
— Удзячны ўсім тым людзям, якія заўважылі гэтую падзею. Я думаю, што гэтая падзея была заўважана ўсёй грамадскай супольнасцю ў Беларусі. Выклікала рэзананс у дзяржаве. Адчувалі і падтрымку, і ўвагу. Нам прыходзілі паштоўкі са словамі ўдзячнасці за тую справу, якой мы ўзрушылі жыццё ў сваім мястэчку.
На мікашэвіцкім прадпрыемстве “Граніт" частка рабочых пакінула афіцыйны прафсаюз, стварыўшы суполку незалежнай прафсаюзнай арганізацыі. Рабочыя былі незадаволеныя ўзроўнем заробкаў і стаўленнем да іх з боку кіраўніцтва. Пасля гэтага на сябраў суполкі пачаліся рэпрэсіі, некаторыя згубілі працу. Аднак хаця і ў зменшаным выглядзе, незалежная прафсаюзная суполка працягвае сваё існаванне.
Беларускае Радыё Рацыя