Ніна Багінская: Мой народ не раб

Нiна Багiнская спецыяльна для DW напiсала пра тое, як яна бачыць Беларусь, Лукашэнку i Цiханоўскую, а таксама пра тое, што натхняе асабiста яе на пратэст.

Ніна Багінская. Фота Аляксандра Зяньковіча

Ніна Багінская. Фота Аляксандра Зяньковіча

(Арфаграфiя аўтара пакiнута ў арыгiнале). 
"Маці наша, Беларусь наша, колькі яшчэ будуць зьвінець ланцугамі дзеці Твае?
"Собака бьющую руку лижет". О не, не, не, мы нашчадкі Міколы Гусоўскага, мы племя Скарыны, браты Кастуся Каліноўскага! Мы ўжо вам не сабакі!
Беларусь ліцьвінская — краіна жаноцкага роду. Жаноцкі род — гэта вытрымка: вычакаць час, здольнасьць ператрываць мажлівую небясьпеку. Інтэлект жанчыны вышэйшы за мужчынскі, бо, нарадзіўшы дзіця, жанчына мае клопат аб захаваньні роду, а гэта значыць, роднага этнасу, Бацькаўшчыны. Мужчына — ваяр, цяга да войнаў, заваёў, улады — гэта мужчынскі род.
Тысячагадовая гісторыя Беларусі — гэта гісторыя абароны, захаваньня свайго этнасу ад ворагаў, што праз нашу краіну (цэнтар Эўропы) ішлі на ўсе бакі Сьвету. На гэта патрэбна больш адвагі, чым забіваць. Наша хрысьціянская заступніца Беларусі — Сьвятая Эўфрасіньня Полацкая. Яе крыж, зроблены Лазарам Богшам, знаходзіўся ў Магілёўскім краязнаўчым музэі, зьнік падчас II Сусьветнай вайны...

Рэпрэсii ў мiнулым i ў сучаснай Беларусi

Пасьля II Сусьветнай вайны людзі пацягнуліся да дабра, да міра. Краіны з імпэрскім таталітарным утварэньнем пачалі руйнавацца. Толькі праўда, справядлівасьць, добрыя ўчынкі захоўваюць жыцьцё людзей, жыцьцё нашай плянэты Зямля. Сэнс жыцьця чалавека — не пагубіць экалёгію чалавека, захаваць добрыя стасункі паміж людзьмі, расьлінным і жывёльным сьветам.
А для гэтага трэба прыпыніць работу зла. Мы нелюдзі, калі ў сучасным Сьвеце Зямлі хоць адна нацыя (народ), хоць адна расьліна ці жывёліна загіне, прыпыніць сваё існаваньне. На жаль, войны, рэпрэсіі не прыпыніліся. У Беларусі аднавіўся сталінскі фашызм 20-30-х гадоў прошлага стагодзьдзя. Лукашэнка збудаваў таталітарную сыстэму, абустроіў зьнішчэньне правоў і свабод чалавека. Фактычна на Беларусі ўзьнікла рабаўладаньне. У гэтым яму дапамагае імпэрская Пуцінская Маскоўская дзяржава — "Россия".
Мы, народ беларускі, вінаваты, што столькі год — больш дваццаці — трывалі ягоную антынародную сыстэму, але ў 2020 г., нарэшце, ізноў падняліся на вызваленьне. Сталі вядомы Ціханоўская, Калеснікава, Цапкала... Людзі ўспомнілі свой гістарычны нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, забаронены ўладаю Лукашэнкі, і масаю пайшлі на пратэсты.

Беларусы — не рабы

Шэлінг і Гегель, нямецкія філёзафы ў 30-50 гг. 19 стагодзьдзя, зрабілі ўплыў на грамадзкую думку ня толькі свайго народа, але і народа Расеі. Гэтыя філёзафы падзялілі народы на гістарычныя (якія кіруюць) і негістарычныя (якія падпарадкоўваюцца). Мой народ апынуўся ў кагорце негістарычных, але мой народ не раб і на працягу ўсёй гісторыі вызваляўся ад тых, хто жадаў над ім гаспадарыць. Кастусь Каліноўскі натхніў многія пакаленьні на вызваленьне ад прымусу суседніх краін — гэта нацыянальны запавет Паўстаньня ў 1863 годзе.
Зараз у 2020 годзе гісторыя вызваленьня паўтарылася. Народ паўстаў супраць тыраніі Лукашэнкі, супраць інтэграцыі з Расеяй, супраць русіфікацыі. Нас рэпрэсуюць турмою, штрафамі, ёсьць забітыя. Гэта грамадзянская вайна. Я ў свае 74 гады не баюся — хто не радзіўся, той не памрэ, дык паміраць трэба чалавекам, а не быдлам-сьвіньнёю.
Прыкладам чалавечнасьці, розуму, сьмеласьці можа быць навагрудзкая лекарка Саламея Пільштынова (Русецкая) "Авантуры майго жыцця".
Маімі арыенцірамі сталі Ларыса Геніюш ("Споведзь"), а яшчэ Зоська Верас (1892-1991 гг.), зьбіральніца словаў і зёлак. "... ахвярная працаўніца на маларасцяробленых лядах беларускай культуры ды гісторыі. Не маючы ў паслужным спісе ўніверсітэцкіх дыпломаў, закончыўшы ўсяго толькі гімназію і агародніцка-пчалярскія курсы, яна, тым не менш, ні ў якой справе не выглядала дылетантам — пісала вершы і апавяданьні, перакладала п’есы для школьных тэатраў, склала запатрабаваны і сёння "Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік", рэдагавала часопісы "Заранка", "Пралескі" і "Беларуская борць" (апошні — спецыялізаваны, для пчаляроў). Зоська Верас пражыла ладную частку жыцця..." Гэта укладаньне, прадмова Міхася Скоблы да кнігі спадарыні Верас, якая была выдадзена ў 2015 годзе ў Менску, — "Пакуль рука пяро трымае. Успаміны, лісты". Зоська Верас была жывой сьведкай нашай гісторыі і пасьпела ў сваіх лістах данесьці праўду людзям, выкрывала фальш савецкай гістарыяграфіі".