Ніна Багінская ў адзіночку пікетуе рэстарацыю ў Курапатах

73-гадовая Ніна Багінская штоаўторак прыходзіць на традыцыйную варту ў Курапатах каля рэстарацыі «Поедем поедим», піша Радыё Свабода.

bc1d2c20_5e7d_46b1_9d3e_29862844dbc9_w1023_r1_s.jpg

Ужо больш за два тыдні пікетаванне рэстарацыі са штодзённага перайшло ў эпізадычны рэжым. На варту актывісты выходзяць у асобныя дні і ня больш як па 2–3 чалавекі, а то і ў адзіночку.

Ахоўніку сказала: «Парвеш сцяг, пашыю новы. А табе будзе сорамна»

На дрэве побач з плотам рэстарацыі б’ецца на ветры невялікі бел-чырвона-белы сцяг, пад ім вісіць стары заплечнік, але гаспадара сцяга і заплечніка нідзе не відаць. Уваходжу на двор рэстарацыі, і толькі тут мяне сустракае Ніна Багінская. На грудзях плакат «Чамадан. Вакзал. Расея». У руках аркуш і асадка, куды актывістка заносіць нумары машын, што прыязджаюць у рэстарацыю «Поедим поедим».
«Бачыце, толькі 15 нумароў сёння, а раней па тры такія аркушы запаўняла. Людзей едзе ўсё меней. Не разумею, на чым рэстарацыя трымаецца, але неяк жывуць. Толькі і мы не здаёмся, — пачала Ніна Багінская расказваць пра варту каронавірусных часоў. — Даю тыя нумары нашым хлопцам. Яны вядуць улік, спрабуюць засароміць гэтых людзей, аналізуюць, адкуль прыехалі».

0486bbab_5ad2_4935_9f30_4674b409591b_w650_r0_s.jpg


Яна расказала, як ахоўнік рэстарацыі Мікалай спрабаваў выгнаць яе з-за плота, дзе яна хавалася ад моцнага ветру, а яна ўпіралася. Тады ахоўнік пагражаў разарваць сцяг.
«Сказала яму, хай рве, калі не сорамна. Я ж пашыю новы і зноў прыйду. Ён думае, што калі засталася адна, дык запалохае? Не на тую нарваўся».
Лозунг «Чамадан. Вакзал. Расея», на думку Багінскай, якраз сёння актуальны.

«Гэты лозунг вылучыла апазіцыя ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання, калі Расія пачала патрабаваць шчыльнай інтэграцыі ад Беларусі. Гэта было ў красавіку 1995 года, якраз 25 год таму. Цяпер новы наступ на незалежнасць Беларусі. Але лозунг яшчэ і супроць тых мясцовых, хто дапамагае Расіі тут», — кажа Ніна Багінская.

Не баіцца каронавіруса


ac7d8585_4e36_41f6_be2f_83024fe21906_w650_r0_s.jpg

Жанчына не носіць медычнай маскі, рукі без пальчатак. Пытаюся, ці не баіцца падхапіць тут хваробу, ці неяк засцерагаецца?
«А чаго мне баяцца? У рэстарацыю я не хаджу, з наведнікамі кантактую праз шкло іх аўтамабіляў. Мяркую, ад каронавіруса найперш карысны імунітэт, таму, як магу, яго падтрымліваю. У тым ліку тым, што знаходжуся тут на халодным ветры, а каб не замерзнуць, хаджу, рухаюся. Мне адной нават лепш, чым у кампаніі, — ніхто не замінае думаць», — кажа Ніна Багінская.
Пікетаванне рэстарацыі «Поедем поедим» пачалося амаль два гады таму, на пачатку чэрвеня 2018 года. Пратэстоўцы дамагаюцца закрыцця ўстановы, якая, на іх думку, пабудавана ў ахоўнай зоне Курапатаў праз карупцыйную схему.

На агульных сходах прадстаўнікоў апазіцыйных партый і арганізацый з удзелам асобных абаронцаў Курапатаў не раз пастанаўлялі, што пікетаванне рэстарацыі «Поедем поедим» будзе працягвацца, пакуль яе не зачыняць. Але ў сакавіку сітуацыя змянілася. З прычыны каронавіруса некаторыя актывісты пачалі прапускаць варты, пікетаванне зрабілася нерэгулярным.

7b2805f8_205a_41e5_897b_ca36ecaa2762_w650_r0_s.jpg

Ніна Багінская кажа, што ёй было б цяжка сысці безь перамогі, але калі б такое рашэнне было прынята, яна б падпарадкавалася. Хоць спадзяецца, што такога не адбудзецца.

«Як вырашыць моладзь, у асноўным яна тут запраўляе. Я ж гатовая змагацца далей. Ведаю, што апроч мяне выходзяць Зміцер Дашкевіч, Ганна Шапуцька з мужам Віктарам, магчыма яшчэ хто. Я адказная за аўторак і працягваю сваю справу рабіць. Раней прыходзіў па аўторках Барыс Дуброўскі, ён заўсёды быў са сцягам, з ім было цікава і пагаварыць, але ён памёр. Вельмі шкадую, добры быў чалавек і вельмі сумленны».

«Нават міліцыянты дапамагалі ў рэанімацыі Барыса, ліхтарыкамі свяцілі»

Ніна Багінская была апошняй, хто кантактаваў з абаронцам Курапатаў Барысам Дуброўскім. Яна згадвае падзеі 17 сакавіка, калі той у апошні раз дзяжурыў у Курапатах і па дарозе з варты памёр, фактычна ў яе на руках. «Мы аддзяжурылі, усё было нармальна. Барыс згарнуў сцяг, сабралі рэчы, пайшлі да прыпынку. Звычайна я іду адразу адсюль пад кальцавую і па тым баку іду да прыпынку, а ён любіў хадзіць праз Галгофу. Але ішлі ж разам, і я пагадзілася прайсці ягоным маршрутам. Прайшлі, ужо былі за кальцавой, ішлі міма таго месца, дзе стаялі намёты, калі апошні раз баранілі Курапаты ад будоўлі. А ён якраз у той дзень надзеў новыя красоўкі і казаў, што намуляў нагу. І вось ідзём, ужо непадалёк ад вуліцы Мірашнічэнкі, як Барыс паваліўся са сцежкі наўпрост на хмызняк. Кінулася яму дапамагаць, каб выцягнуць, падняць, а ён не варушыцца».
Багінская расказвае, што на дапамогу прыйшлі людзі. Хтосьці з іх нават пазнаў у Дуброўскім абаронцу Курапатаў. Выклікалі хуткую, з'явіліся міліцыянты.

eb6edede_1e11_4c22_b3ab_c13c015009a5_w650_r0_s.jpg


«Тыя нават дапамагалі лекарам, усё ліхтарыкамі ад тэлефонаў свяцілі. Дзяўчаты з хуткай да апошняга за Барыса змагаліся, рабілі яму штучнае дыханне, устаўлялі ў рот трубку ад нейкага меха, спрабавалі запусціць дыханне. Можа, дзве гадзіны гэтак было, але потым прызналі, што ўсё, памёр. Вельмі добры быў чалавек».
Дырэктарка рэстарацыі сфатаграфавала карэспандэнта Свабоды падчас размовы з Нінай Багінскай і занатавала нумар яго аўтамабіля.
А 19 гадзіне вечара ў рэстарацыі «Поедем поедим» не было ніводнага наведніка. На ўваходзе стаяла адміністратарка, уздоўж сцяны некалькі афіцыянтаў, але за сталамі — пуста. На першым ад уваходу століку наведнікаў чакалі велікодныя булкі — па 12 рублёў за булку. «Аўтарская работа», — патлумачыла вялікі кошт велікодных булак адміністратарка «Поедем поедим».
Алег Груздзіловіч, svaboda.org