Таццяна Севярынец: Міністэрства абароны забылася на гісторыю і на прысягу

Віцебская актывістка аргкамітэта па стварэнні БХД паскардзілася ў Міністэрства абароны на ведамасную газету «Во славу Родины», дзе быў размешчаны артыкул «Куропаты — наглая ложь "свядомых"». 



2020_04_13_lipka_kurapaty_f1.jpg

У ім расказваецца пра кнігу падпалкоўніка запасу Аляксандра Плавінскага “Курапаты — ля вытокаў гістарычнай сенсацыі”, дзе аўтар сцвярджае, што масавыя расстрэлы ў Курапатах праводзілі не супрацоўнікі НКВД, а гітлераўскія захопнікі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Таццяна Севярынец напісала электронны зварот у міністэрства і атрымала адказ, які абурыў яе не менш, чым газетная публікацыя:

— Мне адказаў намеснік міністра, які адказвае за ідэалогію, што ў нас свабода слова, свабода меркаванняў, што кожны мае права на свой пункт гледжання. Гэта як? Ёсць факты, і яны ці праўда, ці няпраўда. А які можа быць асобны пункт гледжання на праўду?

Выказаць уласныя думкі на старонках газеты “Во славу Родины” Таццяне Севярынец не прапанавалі, нягледзячы на дэкларацыі пра плюралізм меркаванняў.

2020_04_13_lipka_kurapaty_f3.jpg



Актывістка працягвае ліставанне з міністэрствам, дзе нагадала вайскоўцам-чыноўнікам пра прысягу, якую яны давалі на вернасць Беларусі. Яна лічыць, што свядомае скажэнне гісторыі краіны — гэта дзяржаўная здрада. І прапануе ўсім, хто лічыць гэтаксама, як яна, дасылаць электронныя звароты і выказвацца пра пазіцыю міністэрства абароны і ведамаснай газеты.

Жаданне перафарматаваць грамадскую думку, якая асуджае сталінскія рэпрэсіі, Таццяна Севярынец звязвае з існаваннем “Курапацкай варты” каля рэстарацыі “Поедем поедим”, збудаванай практычна на месцы расстрэлаў. А таксама са шматлікімі мемарыяльнымі імпрэзамі і паўставаннем у Беларусі шэрагу грамадскіх ініцыятываў, якія даследуюць мясціны сталінскіх злачынстваў і паведамляюць праўду пра тысячы бязвінных ахвяраў сталінізму.

2020_04_13_lipka_kurapaty_f2.jpg



Фота Таццяны Севярынец падчас “Курапацкай варты” — з уласнага архіва актывісткі

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя