Нямецкі даследчык Аляксандр фон Плато правяде публічную лекцыю ў Мінску

Падчас свайго візіту гісторык прачытае публічную лекцыю, прысвечаную вуснай гісторыі і яе асноўным праблемам, а таксама для людзей заангажаваных у вуснагістарычныя даследаванні будзе праведзены практычны семінар па выкарыстанню метаду oral history у вывучэнні траўматычнай памяці.



eb8.jpg

Аляксандр фон Плато
Аляксандр фон Плато — гісторык, заснавальнік і дырэктар Інстытута гісторыі і біяграфіі ўніверсітэта завочнага навучання г. Хагена, выдавец і сарэдактар часопіса аб біяграфічных даследаваннях і вуснай гісторыі BIOS, сакратар і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Асацыяцыі вуснай гісторыі, аўтар шматлікіх публікацый, фільмаў і выстаў па нямецкай і міжнароднай гісторыі, запрошаны прафесар у Вене, Вініпегу, Варонежы.
Важным накірункам у даследаваннях Аляксандра фон Плато з'яўляецца тэма ІІ Сусветнай вайны. Гэтай тэматыцы прысвечана, выдадзеная гісторыкам у якасці рэдактара і сааўтара, кніга "Рабы Гітлера" (Hitler's slaves. NY: Berghahn Books, 2010), у якой на падставе асабовых жыццёвых гісторый пацярпелых адлюстроўваецца дзейнасць інстытута прымусовай працы ў акупаванай нацыстамі Еўропе. 
Лекцыя адбудзецца 26 чэрвеня 2015 года ў 18.00 у клубным пакоі Міжнароднага адукацыйнага цэнтра IBB (Мінск, Праспект Газеты "Праўда", 11). Уваход на лекцыю  вольны.
Семінар пройдзе 27 чэрвеня 2015 г. з 11.00 да 13.00 у Міжнародным адукацыйным цэнтры IBB у лекцыйнай аўдыторыі (згодна ўказальнікам на месцы)
Увага! Фармат семінара прадугледжвае абмежаваную колькасць удзельнікаў, таму арганізатары просяць накіроўваць заяўкі з пазначэннем кароткіх звестак пра сябе, матывацыі ўдзелу, узроўню ведаў у накірунку вуснай гісторыі, кантактнай інфармацыі на адрас электроннай пошты: info@nashapamiac.org. Апошні тэрмін прыёму заявак: 24 чэрвеня 2015 года.