«Няўгодна людзям, то радзі бога». У Відзах з «памятнага знаку» дэмантавалі герб Расійскай імперыі

З памятнага знаку, усталяванага ў цэнтры мястэчка Відзы Браслаўскага раёна ў гонар заснавання 1 верасня 1803 году Відзаўскага павятовага вучылішча, знялі выяву герба Расійскай імперыі і ўсе надпісы. Пра гэта карэспандэнту «Свабоды» сказаў дырэктар Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжу Міхаіл Смірноў.

dced6ac8_903c_45a1_a91c_f6d27a8803a1_w1023_r1_s.jpg


Памятны знак з выявай герба Расійскай імперыі ўсталяваны ў цэнтры мястэчка Відзы Браслаўскага раёну ў гонар заснавання 1 верасня 1803 года Відзаўскага павятовага вучылішча. На ім па-руску напісана, што вучэльня заснавана па ўказе цара Аляксандра І.

«Надпісы знялі на тым тыдні самі», — сказаў дырэктар. Ён дадаў, што кіраўніцтва навучальнай установы «запусціла працэдуру афармлення», каб высветліць, што можна пісаць на камяні.

«Няхай нам дадуць рэкамендацыі, будзем па-новаму рабіць. Але ў навучальнай установы і ў дзяцей нельга адымаць гісторыю», — сказаў Міхаіл Смірноў.

Паводле дырэктара, цяпер «проста напісалі, што гэта студэнцкі сквер».

«Няўгодна людзям, то радзі бога», — сказаў ён.

Фотаздымак памятнага знаку з выявай царскага герба змясціў у фэйсбуку журналіст Зміцер Казакевіч, які сам родам з Відзаў. Памятны знак выклікаў абураныя каментары ў сацсетках і публікацыі ў СМІ.

На платформе petitions.bу быў арганізаваны збор подпісаў за дэмантаж у Відзах каменя з гербам Расійскай імперыі.

Міністэрства культуры разам з Інстытутам гісторыі НАН разгледзела калектыўны зварот і прыйшло да высновы, што «быў выяўлены шэраг гістарычных супярэчнасцяў у надпісе на памятным знаку». Міністэрства накіравала ліст у Браслаўскі райвыканкам і Віцебскі аблвыканкам з патрабаваннем «прыняць меры па факце ўсталявання памятнага знаку з парушэннем дзейнага заканадаўства».

Міхаіл Смірноў лічыць, што выяўленыя гісторыкамі супярэчнасці «не вартыя выедзенага яйка».

«У розных крыніцах напісана ўсё па-рознаму. Усё гэта называецца словаблудствам. Проста непрыемна, што ёсць людзі, гатовыя зрабіць усё, каб памяняць гісторыю. Але гісторыю не падманеш. Мы працэдуру запусцілі, і няхай гісторыкі яшчэ раз папрактыкуюцца ў сваіх ведах. Герб Расійскай імперыі мяне хвалюе менш за ўсё. Мяне хвалюе гістарычная справядлівасць і гісторыя навучальнай установы, як і ўвесь калектыў», — сказаў Міхаіл Смірноў.

Намесніца старшыні Браслаўскага райвыканкаму Вольга Вялічка сказала, што герб Расійскай імперыі на камень больш не вернуць.

«Калі гэта няправільна,то не ўстановяць», — сказала яна.

Вольга Вялічка дадала, што не давала ўказанняў дэмантаваць герб і надпісы.

«Мы проста паразмаўлялі ў рабочым парадку, кіраўнік сказаў, што перагледзім. Відаць, яны зразумелі, што памыліліся, няправільна зрабілі», — сказала яна.

www.svaboda.org