Новая петыцыя ў МАП: «Нашы подпісы пад лістом ФПБ з’яўляюцца фіктыўнымі, бо атрыманы незаконна»
Страйкам ААТ «Гродна-Азот» стварыў петыцыю з заклікам да Міжнароднай арганізацыі працы, у якой просіць падтрымаць работнікаў усіх прадпрыемстваў Беларусі.
— Мы хочам, каб у МАП пачулі галасы сапраўдных працоўных, і каб у міжнароднай арганізацыі не было сумненняў у тым, з якімі парушэннямі закона збіраліся подпісы пад лістом ФПБ, — пацвердзілі «Салідарнасці» ў страйкаме.
Петыцыя размешчана на платформе change.org, за два дні яе падпісалі больш за 3500 чалавек.
Зварот адрасаваны генеральнаму дырэктару МАП Гаю Райдэру, членам адміністрацыйнага савета і бюро. У ім паведамляецца аб фактах неправамерных дзеянняў.
— Работнікаў арганізацый прымушалі падпісваць гэты ліст. Акрамя гэтага тэкст ліста мянялі, прымушалі распісвацца ў асобных лістах. Мы нават не ведаем, да якога дакумента будуць прыкладзеныя дадзеныя подпісы. Пад пагрозамі звальненняў, прымяненнем у далейшым жорсткіх мер, непадаўжэннем працоўных кантрактаў, памяншэннем заработнай платы, псіхалагічным ціскам і іншага людзей вымусілі пакінуць свой подпіс.
З-за страху падвергнуцца ціску, страціць працу і далейшай адказнасцю перад сваёй сям’ёй, частка грамадзян не можа публічна і адкрыта заявіць аб сваёй адмове падтрымліваць дзяржаўныя ініцыятывы і прапановы. Для гэтага мы стварылі гэтую петыцыю — тлумачаць яе аўтары кіраўніцтву МАП.
Яны паказваюць на тое, што ў Беларусі работнікі пазбаўленыя магчымасці абвяшчаць страйк для абароны сваіх правоў і інтарэсаў, што страйкоўцаў садзяць у турмы і заводзяць на іх крымінальныя справы, і што многія рабочыя, каб пазбегнуць ілжывых абвінавачванняў, былі вымушаныя пакінуць сваю краіну.
— Ва ўмовах жорсткай дыктатуры Лукашэнкі, падуладнай яму заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, штодня парушаюцца правы грамадзян Беларусі. Адсутнічае прававая абарона, свабода слова і волевыяўлення, нязгодных прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці і саджаюць у турмы. У краіне адбываецца унутраны тэрор. Без знешняй падтрымкі ў выглядзе эканамічных санкцый на рэжым Лукашэнкі беларускі народ будзе вынішчаны, — гаворыцца ў петыцыі.
Яе стваральнікі не лічаць увядзенне эканамічных санкцый ЕС і ЗША неабгрунтаванымі.
— Народ Беларусі за ўвядзенне эканамічных санкцый да таго часу, пакуль уладу ў краіне ўтрымлівае Лукашэнка. Нашы подпісы пад лістом ад імя «прафесійных саюзаў і працоўных Рэспублікі Беларусь» атрыманыя незаконна і з’яўляюцца фіктыўнымі, — сцвярджаецца ў звароце.