Новым міністрам юстыцыі стаў міліцыянт без юрыдычнай адукацыі

Лукашэнка прызначыў новага міністра юстыцыі. Былы міністр Алег Сліжэўскі адпраўлены ў адстаўку, пішуць тэлеграм-каналы.

Сяргей Хаменка

Сяргей Хаменка

Сліжэўскі займаў пасаду міністра юстыцыі амаль 10 гадоў — са снежня 2011-га. Куды яго накіруюць цяпер, а таксама чакае экс-міністра паніжэнне ці павышэнне, пакуль невядома.
Новым кіраўніком Міністэрства юстыцыі стаў цяпер ужо былы намеснік міністра ўгутраных спраў Сяргей Хаменка.
Як удакладняе Еўрарадыё, у новага міністра юстыцыі няма юрыдычнай адукацыі.
Сяргею Хаменку 55 гадоў. Ён нарадзіўся ў Данецкай вобласці Украіны. У 1987 годзе скончыў Арджанікідзаўскую вучэльню МУС СССР, у 1997 годзе — Ваенную акадэмію ў Маскве, у 2009 годзе Ваенную акадэмію Беларусі.
З 2009 года працаваў у штабе Унутраных войскаў МУС. З 2014 года ўзначальваў Дэпартамент аховы МУС. У снежні 2019 года прызначаны намміністра ўнутраных справаў.