Офіс па правах людзей з інваліднасцю абвяшчае пачатак Тыдня даступнасці
Офіс па правах людзей з інваліднасцю з 15 траўня праводзіць традыцыйны "Тыдзень даступнасці". Галоўная тэма гэтага года — правы людзей з псіхічнымі інваліднасцямі і даступнасць незалежнага пражывання.
Арганізатары абяцаюць розныя актыўнасці па ўсёй краіне: канферэнцыі, круглыя сталы, юрыдычныя кансультацыі і нават "Жывую бібліятэку".
У гэтым годзе Тыдзень даступнасці працягнецца амаль 2 тыдні: з 15 траўня па 1 чэрвеня. Галоўны фокус мерапрыемстваў накіраваны на развіццё незалежнага пражывання ў Беларусі, як магчымасці для самастойнага жыцця і прыняцця рашэнняў людзей з рознымі формамі інваліднасці.
"Адна з самых галоўных мэтаў Тыдня даступнасці — прызнанне даступнасці як базавай патрэбы ў цывілізаваным грамадстве, сцвярджэння даступнасці ўсіх правоў чалавека без дыскрымінацыі для людзей з інваліднасцю, а таксама прыцягненне ўвагі да розных аспектах праблем інваліднасці", — кажа дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.
Эксперты, журналісты і актывісты падчас розных мерапрыемстваў на Тыдні даступнасці будуць гаварыць пра галоўныя дасягненні кампаніі "дэінстытуалізацыю" і пра выклікі для людзей з псіхічнымі парушэннямі.
У Тыдні даступнасці акрамя супрацоўнікаў Офіса прымуць удзел прадстаўнікі Еўрапейскага саюза, пасольства Літоўскай Рэспублікі, беларускіх клубных дамоў, Свята-Елісавецінскага манастыра і іншых арганізацый.
Праграма тыдня даступнасці у 2019 годзе
15 траўня — семінар па антыдыскрымінацыі ў Гомелі з удзелам дырэктара Офіса Сяргея Драздоўскага18 траўня — праваабарончае ток-шоў "Без права на Я"21 траўня — фінальная канферэнцыя, падвядзенне вынікаў кампаніі "дэінстытуалізацыі", накіраванай на змяненне сацыяльнай сістэмы ў Беларусі22 траўня — падвядзенне вынікаў конкурсу журналісцкіх работ па тэме псіхічнага здароўя25 траўня — Форум "неЗАЛЕЖНАСЦЬ" аб лепшых практыках развіцця незалежнага пражывання ў Беларусі1 чэрвеня — "Жывая бібліятэка" і ўдзел у фестывалі "Кіламетр грамадскай актыўнасці".
На працягу ўсяго Тыдня даступнасці будзе працаваць юрыдычная прыёмная. Атрымаць кваліфікаваную дапамогу па пытаннях, звязаных з інваліднасцю, можна па тэлефоне +375 (17) 355-08-29.