П’яны маладэчанец страляў па мінаках з пнеўматыкі, сам выклікаў да сябе міліцыю

Хуліган прасіў дапамогі, бо мінакі пабілі яго і адабралі ягоную вінтоўку, піша Радыё Свабода са спасылкай на Kraj.by.

fb1457ad_da2d_4a77_959d_8317480fb31d_w1023_r1_s.jpg

У ноч з 1 на 2 чэрвеня міліцыі Маладэчна па тэлефоне паведамілі: п’яны мужчына страляе па людзях з пнеўматычнай вінтоўкі каля царквы на вуліцы Скарыны. Праз некалькі хвілінаў з таго ж нумару мужчына паведаміў, што ў яго забралі вінтоўку і збілі. Міліцыянты затрымалі яго і даставілі ў аддзяленне. Праваахоўнікі пацвердзілі, што ён быў п’яны.
«Пакуль па храналогіі падзеяў мы толькі можам выказаць здагадку: будучы п’яным, мужчына стаў страляць, відавочцы яго абясшкодзілі і забралі вінтоўку, — каментуе здарэнне прадстаўнік міліцыі. — Цяпер нам неабходна знайсці тых, хто бачыў, што здарылася. Хачу адзначыць, калі грамадзяне, якія забралі ў стралка пнеўматыку, спынялі злачынства, то яны не панясуць адказнасці. Вінтоўку неабходна здаць у РАУС».
Ці ёсць пацярпелыя і ці абвінавачваюць стралка ў нейкім правапарушэнні, не паведамляецца. Сведкаў здарэння просяць звярнуцца ў міліцыю па тэлефоне 8 (029) 568-23-02 або 102.
У лютым мужчыну з Дрыбіна, які п’яным страляў з пнеўматыкі нібыта па птушках, а параніў 14-гадовую дзяўчыну, асудзілі на тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і кампенсацыю шкоды.