Па дадзеных МУС, з верасня за мяжу выехала больш за 13 тысяч чалавек

У МУС падлічылі, колькі беларусаў з верасня выехала жыць і працаваць у суседнія краіны. Атрымалася больш за 13 тысяч. І гэта ва ўмовах абмежавальных мер у сувязі з каронавірусам.

image_11341.jpg


Самы вялікі паток ідзе ў Польшчу. Туды пераехала каля 10 тысяч чалавек. Каля 3 тысяч перабралася ва Украіну. Яшчэ каля 500 чалавек з'ехала ў Літву і Латвію.

«Лічым, што сітуацыя не крытычная і не наносіць сур’ёзнай шкоды нацыянальнай бяспецы. Мы не адчуваем значнай страты нацыянальных працоўных рэсурсаў», — заявіў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, перадае БЕЛТА.

Пры гэтым у МУС лічаць, што беларусы едуць на заробкі і ў перспектыве вернуцца дадому. «Думаю, гэта не незваротная, гэта працоўная міграцыя», — заявіў Бягун.

Наколькі гэтая сітуацыя «не наносіць шкоды нацыянальнай бяспецы», можна паглядзець па лічбах. Па даных таго ж МУС, за ўвесь 2019 год на працу за мяжу выехала толькі крыху больш за 9 тысяч чалавек (сёлета, яшчэ раз падкрэслім — 13.500 за адзін месяц).

Іншыя лічбы ў Белстата: у мінулым годзе з краіны з’ехала 20 976 чалавек. Але гэтыя лічбы — таксама за год, а не за адзін месяц. І без уліку ўзніклага сёлета каронавіруса.

Асобна трэба заўважыць ад’езд нашых грамадзян ва Украіну. Дзіўна, але краіну, у якой ідзе вайна ў Данбасе, 3000 чалавек палічылі больш бяспечнай, чым «мірная і спакойная дзяржава для народа».

Пасля жорсткага падаўлення пратэстаў шэраг суседніх краін далі беларускім грамадзянам магчымасць пераехаць, змякчыўшы для іх у прыватнасці каранцінныя меры. Некаторыя IT-кампаніі заявілі аб «рэлакацыі» сваіх супрацоўнікаў за мяжу.

Паводле Еўрарадыё