Па ўсёй Беларусі затрымліваюць журналістаў
У дзень таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі па ўсёй краіне праходзяць затрыманні журналістаз, паведамляюць праваабаронцы.
Раніцай 23 верасня у Магілёве супрацоўнікі міліцыі затрымалі галоўнага рэдактара папулярнага сайта 6tv.by Дзмітрыя Салаўёва. Пакуль прычына затрымання невядомая.
Таксама паведамляецца, што каля рэзідэнцыі Лукашэнкі, дзе прайшла яго нечаканая інаўгурацыя, былі затрыманыя двое чалавек. Сярод затрыманых — жыхарка Мінска Таццяна Джавадава, якая трымала плакат з надпісам: «Саша, забяры працоўную!»
Там жа, каля Палаца Незалежнасці быў затрыманы журналіст ТАСС Арцём Папоў. Ён не выходзіў на сувязь больш двух гадзін. Журналіста даставілі ў Цэнтральны РУУС Мінска, і адпусцілі пасля трох гадзін знаходжання ў РУУС.
У Віцебску затрымлівалі журналіста Віталя Скрыля. Як піша baj.by, затрыманне адбылося падчас працы: Віталь Скрыль з напарнікам здымалі відэаапытанку жыхароў горада. Да іх падышоў супрацоўнік аддзела міліцыі Кастрычніцкага раёна Віцебска і паведаміў, што Скрыля шукае міліцыя. Высветлілася, што ў дачыненні журналіста міліцыянты распачалі ажно тры адміністрацыйныя справы.
У Віцебскім раённым аддзеле міліцыі, куды даставілі Віталя пасля затрымання, паведамілі, што абвінавачваюць яго паводле артыкула 23.34 КаАП — за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях у Віцебску 6, 13 і 20 верасня.
Апрача Віталя Скрыля, віцебская міліцыя шукае незалежных журналістаў Алену Сцяпанаву і Вячаслава Лазарава. Якія абвінавачанні выстаўленыя ім, пакуль невядома.
У Мінску прайшоў ператрус у рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча. Яго жонка Адар’я Гуштын напісала ў Фэйсбуку, што пасля ператрусу Марціновіча павезлі на допыт. Там яму паведамілі, што ён з’яўляецца падазраваным па арт. 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп). Трое сутак ён будзе ў ізалятары.