Пачалася кампанія салідарнасці
21 снежня ўвечары ля муроў ізалятара часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску прайшла акцыя салідарнасці з затрыманымі і асуджанымі на адміністратыўны арышт удзельнікамі акцый пратэсту, якія адбываліся ў беларускай сталіцы 19 і 20 снежня. У мерапрыемстве прынялі ўдзел да 200 прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх арганізацый і рухаў. Там жа былі і блізкія затрыманых, якія спрабавалі высветліць лёс сваіх родзічаў.
21 снежня ўвечары ля муроў ізалятара часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску прайшла акцыя салідарнасці з затрыманымі і асуджанымі на адміністратыўны арышт удзельнікамі акцый
пратэсту, якія адбываліся ў беларускай сталіцы 19 і 20 снежня. У мерапрыемстве прынялі ўдзел да 200 прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх арганізацый і рухаў. Там жа былі і блізкія затрыманых,
якія спрабавалі высветліць лёс сваіх родзічаў.
Прыйсці ўвечары да акрэсцінскіх муроў раніцай у аўторак заклікаў адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года, лідар руху «За свабоду!» Аляксандр
Мілінкевіч. Гэта адбылося падчас прэс-канферэнцыі, якую, апроч Мілінкевіча, зладзілі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, кіраўнік гарадской арганізацыі Партыі
БНФ Віктар Івашкевіч, лідэр Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін.
Удзельнікі сустрэчы з журналістамі паведамілі, што ўжо з таго ж самага дня пачынаецца кампанія салідарнасці з затрыманымі і прыгаворанымі да адміністратыўных арыштаў удзельнікамі пратэстных акцый.
Таксама прагучала, што ў рамках кампаніі пачынаецца збор сродкаў, каб дапамагчы асуджаным на грашовыя штрафы выплачваць непад’ёмныя для многіх сумы. «Мы мусім сёння прадэманстраваць
салідарнасць з тымі, хто апынуўся ў вязніцах, гэта вельмі важна», — падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі агучылі падпісаную імі заяву (да якой хвілінамі раней далучыўся і старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, але сам палітык не
змог прысутнічаць на сустрэчы з журналістамі з прычыны праблем са здароўем), у якой адзначаецца, што падпісанты выказваюць «салідарнасць з арыштаванымі кандыдатамі ў прэзідэнты Аляксеем
Міхалевічам, Уладзімірам Някляевым, Віталём Рымашэўскім, Андрэем Саннікавым, Мікалаем Статкевічам і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх удзельнікаў мірнай
маніфестацыі».
Увечары каля акрэсцінскага ізалятара ў ланцуг са свечкамі і знічкамі сталі каля двухсот чалавек, які скандавалі «Жыве Беларусь!», «Свабоду!», спявалі багдановіцкую
«Пагоню». Рыгор Кастусёў, чый малодшы сын атрымаў 15 сутак арышту, паведаміў, што асуджаных у гэты дзень трымаюць не толькі на Акрэсціна, але і ў ізалятары Жодзіна, а некаторых з
прычыны перапоўненасці гэтых вязніцаў нават адвезлі ў Гродна. Дарэчы, у ізалятары на Акрэсціна былі толькі мужчыны, жанчын адвозілі ў мінскі абласны ізалятар, што на вуліцы Францыска Скарыны,
20.
У завулку Акрэсціна стаяў «аўтазак» і аўтобус са спецназаўцамі, якія не ўмешваліся ў падзеі, праўда, на непрацяглы час. Ужо пасля завяршэння мерапрыемства быў затрыманы актывіст АГП
і сябра штабу Някляева Міхаіл Пашкевіч.