Пад Гомлем апаганілі надмагільны помнік Міхася Жызнеўскага
На могілках у вёсцы Сцяг Працы Гомельскага раёна невядомыя апаганілі помнік беларускага Героя Украіны Міхася Жызнеўскага.
Пра гэта “Радыё Свабодзе” паведаміла сястра Міхася Наталля Жызнеўская.
«Мне патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, што помнік брату запэцканы фарбай», — кажа Наталля.
Яна паведаміла, што на помніку брата чырвонай аэразольнай фарбай зафарбаваныя беларускі гістарычны герб «Пагоня», а таксама дзяржаўны герб Украіны.
Наталля Жызнеўская разам з нарадам міліцыі паехала на могілкі вёскі Сцяг Працы, дзе пахаваны Міхась, а таксама ягоныя бацькі, якія памерлі сёлета.
Міхась Жызнеўскі стаў адной з першых ахвяраў сутыкненняў удзельнікаў Еўрамайдану з міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 году, калі «Беркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей. Першым застрэлілі ўкраінскага грамадзяніна армянскага паходжання Сяргея Нігаяна, другім — Міхася Жызнеўскага. У той дзень загінулі пяць чалавек, і чацвёра з іх — у выніку агнястрэльных раненняў у грудзі, шыю і галаву. Каля 200 пратэстоўцаў атрымалі раненні.