Пад Маладзечнам хочуць пабудаваць сховішча фекалій. Мясцовыя жыхары абураныя

Побач з вёскамі Краснае і Івонцавічы Маладзечанскага раёна, на месцы былога пясчанага кар'ера, запланавана будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка «ападкаў гаспадарча-фекальных сцёкавых вод», якія будуць прывозіць са сталіцы.

1679036462.jpg

Калі сажалку пабудуюць і яна запрацуе, то пад Краснае з Мінска штодня стануць дастаўляць і выгружаць у былы кар'ер каля 50 самазвалаў каналізацыйных адходаў, піша выданне kraj.by.

Ужо гатовая справаздача «Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» аб ацэнцы ўздзеяння сажалкі-назапашвальніка на навакольнае асяроддзе (АУНА). На сайце Маладзечанскага райвыканкама абвешчана аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў гэтай справаздачы.

Што гэта за адходы?

Заказчык будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка — УП «Мінскводаканал». Інжынер прадпрыемства Святлана Верамейка патлумачыла, якія менавіта адходы плануюць складаваць каля Краснага: «Гэта сухія абязводжаныя адкіды жыццядзейнасці чалавека, якія будуць вывозіцца са збудаванняў Мінскай ачышчальнай станцыі. Пры выбары месца захоўвання адходаў разглядаліся некалькі варыянтаў. Месца пад Маладзечнам абрана таму, што былы кар'ер, дзе будзе размешчаная сажалка, акружаны лесам, які перашкодзіць ветру разносіць непрыемныя пахі. Згодна з АУНА, выкананы ўсе нарматывы па зоне распаўсюджання гэтых пахаў, экалагічныя нормы не парушаюцца».

У «Паведамленні аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў АУНА» гаворыцца, што неабходнасць будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка «абумоўленая павелічэннем забудаваных гарадскіх тэрыторый і развіццём каналізацыйнай гаспадаркі Мінска». Месца будучага сховішча знаходзіцца за два кіламетры на паўночны захад ад Івонцавічаў, за 16 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Маладзечна. Арыенціровачная плошча складае 17 гектараў. Пачатак рэалізацыі праектных рашэнняў — 2024 год.

1679035525.jpg

Пад Маладзечна могуць прывозіць каля 50 МАЗаў сухіх фекаліяў за суткі

Умяшчальнасць сажалкі-назапашвальніка складзе паўтара мільёна кубічных метраў. Паводле даных вытворчасці прадпрыемства «Мінскачыствод», сутачны вываз ападкаў з ачышчальных станцый — 550 кубічных метраў. У год — 200 тысяч кубічных метраў. Перыяд эксплуатацыі сажалкі-назапашвальніка складае восем гадоў.

Згодна з тэхнічнымі характарыстыкамі самазвала МАЗ з аб'ёмам платформы 10,7 кубічных метраў, у выпадку пабудовы сажалкі-назапашвальніка за суткі з Мінска пад Маладзечна можа прыязджаць і выгружацца каля 50 МАЗаў з сухімі каналізацыйнымі адходамі.

1679035554.jpg

Людзі пачалі збіраць подпісы супраць будаўніцтва сховішча

Сяргей жыве ў вёсцы Івонцавічы. Ён даведаўся аб магчымым будаўніцтве сажалкі-назапашвальніка пару дзён таму і распавядае, што на сёння праезд да былога кар'еру не абмежаваны, тэрыторыя ахоўваецца толькі сабакам, які там прывязаны.

Паводле слоў Сяргея, калі сховішча запрацуе, могуць пакутаваць не толькі жыхары бліжэйшых вёсак, але і дачнікі. Тут размешчаны садоўніцкія таварыствы, сярод якіх «Ялінка», «Красненская» і «Межрайгазавік».

Старасты вёсак Івонцавічы і Відзеўшчына збіраюць подпісы супраць будаўніцтва сховішча каналізацыйных адходаў.

Стараста Івонцэвічаў Людміла расказвае: «Людзі падпісваюцца з аўторка, 14 сакавіка. У нас у вёсцы 66 дамоў, і за два дні мы сабралі ўжо больш за 60 подпісаў. Спіс ляжыць у краме. Падпісваюцца ўсе, хто туды прыходзіць. 17 сакавіка збіраемся гэты спіс перадаць у сельсавет».

Паводле слоў старасты Відзеўшчыны Наталлі, у яе вёсцы каля 400 жыхароў. Да вечара 16 сакавіка плануецца сабраць больш за 300 подпісаў і на наступны дзень перадаць іх у сельсавет.

1679035550.jpg

Жыхары Краснага і Чысці: «Даследаванне бяспекі сажалкі-назапашвальніка не зусім аб'ектыўнае»

Лідзія жыве ў Красным. Яна паведаміла, што подпісы супраць будаўніцтва сховішча адходаў збіраюцца ў яе вёсцы і ў пасёлку Чысць.

«Мая сям'я жыве на ўскраіне Краснага. Наш дом прыкладна за два кіламетры ад месца запланаванага будаўніцтва сховішча адкідаў, — кажа Лідзія. — У нас з мужам трое дзяцей. Сынам 7, 9 і 14 гадоў. Вядома, нам не абыякава, чым мы будзем дыхаць і якую ваду піць. Прычым, пра планы зладзіць тут каналізацыйны сметнік нас ніхто толкам не апавясціў. Даведаліся пра гэта ў Інтэрнэце з чысцінскіх і красненскіх чатаў».

Андрэй, муж Лідзіі, кажа: «Калі сховішча будзе пабудавана, нам застанецца толькі прадаць дом і з'ехаць адсюль. У справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння сажалкі-назапашвальніка на навакольнае асяроддзе гаворыцца, што бліжэйшая водазаборная свідравіна знаходзіцца больш чым у двух кіламетрах ад участка будучай сажалкі, але гэта не так. Па карце можна вызначыць, што бліжэйшыя водазаборы садаводчых таварыстваў размешчаны на адлегласці каля 800 метраў. Жыхары Чысці нават склалі дакумент, які даказвае, што даследаванні праведзеныя некарэктна».

1679036456.jpg

Вось вытрымка з гэтага дакумента: «У «Паведамленні аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) па аб'екце «будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка № 19», апублікаваным на сайце Маладзечанскага райвыканкама, пазначана, што «ў выпадку звароту грамадзян і юрыдычных асоб аб неабходнасці правядзення сходу па абмеркаванні справаздачы аб АУНА, правядзенне гэтага сходу будзе прызначана не раней чым праз 25 каляндарных дзён з даты пачатку грамадскіх абмеркаванняў і не пазней за дзень іх завяршэння».

Дата пачатку грамадскіх абмеркаванняў — 4 сакавіка. Дата заканчэння — 3 красавіка. Гэта значыць, што калі людзі збяруць і перададуць у райвыканкам подпісы супраць будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка, то іх могуць запрасіць на сход не раней за 29 сакавіка і не пазней за 3 красавіка.