Пад увагу ГУБАЗіКа трапіла нефармальная футбольная каманда
Суботнім вечарам 11 траўня вялікая кампанія маладых людзей сабралася ў Сендайскім скверы ў Мінску. Сярод іх былі прадстаўнікі анархічнага руху і ўдзельнікі адной з мінскіх футбольных каманд DIY-лігі.
Але неўзабаве адпачынак cпыніўся са ’яўленнем АМАПаўцаў і супрацоўнікаў у цывільным, якіх было больш за 15 чалавек. Яны паведамілі маладзёнам, што затрымліваюць іх, бо тыя ўжываюць алкаголь у грамадскім месцы і тым самым парушаюць артыкул 17.3 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Працэс затрымання супрацоўнікі здымалі на камеры.
“Пры затрыманні нас папярэдзілі, каб не трымалі рукі ў кішэнях, бо гэта будзе расцэнена як супраціў пры затрыманні. У хлопцаў паглядзелі заплечнікі. Затым перапісалі нашыя імёны, даты нараджэння, тэлефоны”, — распавядае адна з затрыманых С.
Затым кампанію з 17 чалавек адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна. Аднак пратаколы на затрыманых "за распіццё" складаць не спяшаліся.
Цікавілі супрацоўнікаў зусім іншыя рэчы. Маладых людзей па адным заводзілі ў кабінет, дзе супрацоўнікі ГУБАЗіК (іх пазнала адна з затрыманых) задавалі шмат пытанняў наконт іх інтарэсаў і поглядаў. Самі супрацоўнікі не прадстаўляліся.
“Яны запытваліся, на якія канцэрты мы ходзім, дзе пазнаёміліся адзін з адным, ці ўдзельнічаем у забароненых арганізацыях і ў футбольным руху. Нават пыталіся, з кім я сустракаюся. Таксама прасілі паказаць фотаздымкі, якія ёсць на тэлефоне”, — распавядае С.
Акрамя гэтага, у РУУС усіх затрыманых сфатаграфавалі і прымушалі казаць на камеру свае імёны і прозвішчы, даты нараджэння і месцы працы. Пасля ўсіх гэтых працэдур 15 чалавек адпусцілі без складання пратаколаў, а дваіх хлопцаў пакінулі ў РУУС (адзін з іх — Яўген Шыманоўскі). Па словах затрыманых, ім пагражалі адпраўкай у ЛПП, а Шыманоўскаму паабяцалі, што “пасадзяць яго”.
Цягам нядзелі сябры спрабавалі высветліць месцазнаходжанне затрыманых, аднак і Маскоўскім РУУС, і ў ЦІП на Акрэсціна адказвалі, што іх там няма. На дадзены момант яны хутчэй за ўсё знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання да суда.
spring96.org