Пад увагай — інтэрнэт
Ад пачатку тыдня інтэрнэт у Беларусі жыве па-новаму. Зараз інтэрнэт-карыстальнікі мусяць «фільтраваць базар» на форумах і ў абмеркаваннях. Бо не дай божа хтосьці паскардзіцца на некарэктныя выказванні, і ўсё — крымінальны артыкул аб «абразе гонару і годнасці». Альбо наўпрост заблакуюць і сайты, і форумы.
Ад пачатку тыдня інтэрнэт у Беларусі жыве па-новаму. Зараз інтэрнэт-карыстальнікі мусяць «фільтраваць базар» на форумах і ў абмеркаваннях. Бо не дай божа хтосьці
паскардзіцца на некарэктныя выказванні, і ўсё — крымінальны артыкул аб «абразе гонару і годнасці». Альбо наўпрост заблакуюць і сайты, і форумы.
Пастановай Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ад 29 чэрвеня зацверджана палажэнне аб парадку абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да
інфармацыі, забароненай да распаўсюджання ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Спіс абмежаванага доступу фарміруецца Дзяржаўнай інспекцыяй па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (РУП «БелДІЭ») на падставе рашэнняў кіраўнікоў Камітэта
дзяржкантролю, Генеральнай пракуратуры, ААЦ, рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання.
Аб прынятым рашэнні на працягу трох працоўных дзён накіроўваецца адпаведнае паведамленне БелДІЭ і ўладальніку (уласніку) інтэрнэт-рэсурсу, доступ да якога абмяжоўваецца, пры ўмове знаходжання рэсурсу
ў нацыянальным сегменце сеткі інтэрнэт.
У паведамленні ўказваюцца: ідэнтыфікатары інтэрнэт-рэсурсу, доступ да якога падлягае абмежаванню; падставы для абмежавання доступу са спасылкай на норму заканадаўчага акта, у адпаведнасці з якой
інфармацыя забаронена да распаўсюджання.
Юрыдычныя асобы, іх філіялы і прадстаўніцтвы, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі і грамадзяне маюць права звяртацца ва ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы з прапановамі аб фарміраванні спісу
абмежаванага доступу.
То бок, любы грамадзянін можа папрасіць абмежаваць нейкія інтэрнэт-рэсурсы для ўсіх астатніх карыстальнікаў. Пры гэтым абскардзіць гэта рашэнне можна толькі ў судовым парадку. На суд пойдзе процьма
грошай і месяцы два часу. Неблагі сродак напоўніць бюджэт!
І, што самае галоўнае, гэта сістэма пачала дзейнічаць! Не працуе інтэрнэт-сайт газеты «Віцебскі кур’ер».
Як паведаміла БелаПАН заснавальнік газеты Вольга Карач, сайт размяшчаецца па адрасе www.kurier.vitebsk.by і абслугоўваецца Віцебскім аддзяленнем РУП «Белтэлекам». «Мы
звязаліся з «Белтэлекамам», і нам паведамілі, што паступіла заяўка на блакаванне сайта. Нам далі нумар тэлефона, па якім можна даведацца падрабязнасці, але там ніхто не
адказвае», — сказала Карач.
Вось тут усё ў дзеянні — і нейкі «ананім», які запатрабаваў закрыццё сайту, і «Белтэлекам», які імгненна заблакаваў сайт, і парушэнне правоў
заснавальнікаў сайту, і парушэнне правоў грамадзян на атрыманне той інфармацыі, якая ім даспадобы. Здавалася б, не хочаш ты чытаць сайт «Віцебскага кур’ера», — дык
проста на сваім кампутары ўнясі яго ў спіс непажаданых альбо заблакаваных! Але не — трэба, каб іншыя яго не чыталі. Па прычынах таго, што там табе проста нешта не падабаецца.
Так можна закрыць мноства сайтаў.
З палажэння аб інтэрнэт-фільтрацыі ў яго выніковым варыянце знятыя найбольш адыёзныя пункты. Пра гэта 6 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў намеснік старшыні кіраўніцтва асацыяцыі
«Белінфакам», генеральны дырэктар УП «Надзейныя праграмы» (TUT.BY) Юрый Зісер.
Тым не менш сутнасць дакумента засталася ранейшай. «Усё адно ёсць чорныя спісы, усё будуць фільтраваць. Гэта значыць, што, цалкам магчыма, праз нейкі час мы ўбачым, што для
дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў нейкія сайты стануць папросту не бачныя», — разважае Зісер. Разам з тым, паводле меркавання экспертаў, такія меры будуць толькі стымуляваць рост
індывідуальных падключэнняў да інтэрнэта.
Гендырэктар УП «Надзейныя праграмы» таксама адзначыў, што выніковы варыянт дакумента не прадугледжвае кантэнт-фільтрацыю, якая прапанавалася ў чарнавых версіях дакумента, што
трапілі ў прэсу.
А які сэнс кантэнт-фільтрацыі, калі сам кантэнт будзе небачны? Таму папросту скараціліся высілкі на фільтрацыю, што цалкам адпавядае дырэктыве прэзідэнта аб эканоміі і беражлівасці. Асабліва ва
ўмовах «газавых войнаў» і неабходнасці эканоміі энергарэсурсаў. Карацей, калі выходзіце з памяшкання, праверце, ці выключылі вы сайт і ці пагасілі святло.
Але «што напісана пяром, тое не вырубіш сякерай». У адным з мінскіх выдавецтваў падрыхтаваны да выдання двухтомнік выбраных твораў Ларысы Геніюш (1910–1983). Кніга выйдзе з
друку да 100-годдзя з дня нараджэння паэткі — 9 жніўня, паведаміў даследчык творчасці Геніюш намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Міхась Скобла.
Паводле яго слоў, у першы том збору твораў увайшлі вершы і паэмы: выбранае з прыжыццёвых кніг і публікацый у маладаступнай перыёдыцы, прычым 74 вершы друкуюцца ўпершыню. У другі том увайшла мемуарная
проза: «Споведзь» і «Сто ранаў у сэрца»; асобны раздзел кнігі склалі лісты, большасць з якіх друкуецца ўпершыню.
У прадмове да двухтомніка Скобла адзначае, што «адным з першых крокаў сапраўды беларускай улады стане рэабілітацыя Ларысы Геніюш і належнае ўшанаванне яе памяці». Нягледзячы на тое,
што зараз афіцыйныя ўлады Беларусі не вельмі шануюць паэтку.
Ну і днямі «пад кабылу» трапіла адна са старэйшых беларускіх палітычных партый — Партыя БНФ. Міністэрства юстыцыі вынесла ёй пісьмовае папярэджанне. Мінюст прызнаў
нелегітымным нечарговы ХІІІ з’езд Партыі БНФ 29 мая 2010 года, а яго рашэнні — неправамоцнымі.
Вывучэнне дакументаў, якія тычацца з’езда, паказала, што рашэнне наконт правядзення з’езда прыняў 18 красавіка 2010 года сейм Партыі БНФ. На гэтым жа пасяджэнні быў устаноўлены
парадак вылучэння дэлегатаў з’езда, паводле якога значная колькасць дэлегатаў падлягала не выбранню, а прызначэнню. «Дадзеным рашэннем быў парушаны адзін з асноўных прынцыпаў
дзейнасці палітычных партый, устаноўленых законам «Аб палітычных партыях», — прынцып дэмакратызму, а таксама ўласны статут партыі», — лічаць у
міністэрстве.
Нагадаем, што на гэтым з’ездзе кандыдатам у прэзідэнты ад Партыі БНФ было вырашана вылучыць Рыгора Костусева. Што зараз БНФ будзе рабіць са сваім кандыдатам?