Пададзена заяўка на правядзенне ў Мінску III выставы «Праўда пра Курапаты»
Старшыні Беларускага саюзу мастакоў Рыгору Сітніцы пададзена заяўка на правядзенне ў сталічным Палацы мастацтва III дакументальна-мастацкай выставы «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні».
Заяўку 5 лютага падалі сябры аргкамітэту міжнароднага адкрытага грамадскага творчага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял» пад дэвізам «Праз Курапаты — да пакаяння» на найлепшую ідэю ўшанавання ў Нацыянальным некропалі памяці бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму.
Для падвядзення вынікаў гэтага конкурсу і яго адлюстравання старшыню БСМ просяць запланаваць фае Палацу мастацтва на два тыдні ў лістападзе-снежні 2018 году.
Нагадаем, што летась напрыканцы красавіка ў Палацы мастацтва адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў і ўдзельнікаў першага этапу конкурсу «Курапаты — народны мемарыял». Арганізатараў конкурсу — грамадскую ініцыятыву «Эксперты ў абарону Курапатаў» і суполку «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў падтрымалі больш за 10 структураў грамадзянскай супольнасці краіны.
З 10 сакавіка 2016 па 22 лютага 2017 года ў аргкамітэт конкурсу паступілі 44 працы ў скульптуры, інсталяцыі, графіцы, жывапісе, архітэктурна-ландшафтным праектаванні і літаратуры. Большасьць гэтых працаў трыццаці васьмі аўтараў з Беларусі і Польшчы ў лютым 2017 года экспанаваліся ў Мінску на II дакументальна-мастацкай выставе «Праўда пра Курапаты». Выставу за шэсць дзён наведалі больш за чатыры тысячы чалавек.
Зараз праводзіцца другі этап конкурсу, з умовамі якога можна пазнаёміцца на сайце vytoki.net.