Падтрымайце дэмакратыю!

Пытанні правоў чалавека і палітзняволеных у Беларусі знаходзіліся ў цэнтры ўвагі на сустрэчах лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча ў Вашынгтоне, паведамляе прэс-служба руху.



e6acf4b0f69f6f6e60e9a815938aa1ff.jpg

Пытанні правоў чалавека і палітзняволеных у Беларусі знаходзіліся ў цэнтры ўвагі на сустрэчах лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча ў Вашынгтоне, паведамляе прэс-служба руху.
24 мая адбыліся сустрэчы палітыка з кіраўнікамі Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута Кенетам Волакам і Нацыянальнага фонду дэмакратыі Карлам Гершманам, кангрэсменам Тадэвусам Маккотэрам, сенатарам, экс-кандыдатам на пасаду прэзідэнта ЗША Джонам Маккейнам, а таксама дырэктарам дэпартамента па справах Украіны, Малдовы і Беларусі Дзярждэпартамента Лоўрэнс Сільверман і дырэктарам дэпартамента Расіі Савета нацыянальнай бяспекі Леслі Гайдэнам.
«Падчас гутарак былі закрануты розныя пытанні па сітуацыі ў Беларусі і вакол яе, — адзначаецца ў паведамленні. Аляксандр Мілінкевіч даў ацэнку цяперашняму стану беларускай эканомікі і грамадства, а таксама адносінам паміж Беларуссю і яе суседзямі».
Мілінкевіч «выказаў падзяку ЗША і заклікаў сваіх суразмоўцаў працягваць палітыку падтрымкі дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў пераломны момант змагання з дыктатурай і за незалежнасць Беларусі».
«Наша першае і абсалютнае патрабаванне да рэжыму — вызваленне палітычных зняволеных і спыненне рэпрэсій супраць грамадскіх актывістаў. Вельмі важна, каб нашы заходнія партнёры рэгулярна нагадвалі пра гэта прадстаўнікам уладаў падчас кантактаў», — сказаў палітык.
25 мая Мілінкевіч сустрэўся з былым паслом ЗША ў Мінску Карэн Сцюарт, якая з’яўляецца першым намеснікам памочніка дзяржсакратара па дэмакратыі і правах чалавека; старшынёй Хельсінскай камісіі ЗША кангрэсменам Элсі Хастынгсам, аўтарам Акта аб дэмакратыі ў Беларусі кангрэсменам Крыстаферам Смітам і інш.
Паводле прэс-службы Руху «За свабоду»