Падыходы да месца збору ўдзельнікаў акцыі з нагоды Дня Волі ў Мінску блакаваныя сілавікамі

Сілавыя структуры блакавалі падыходы да пляцоўкі каля Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — месца збору ўдзельнікаў акцыі з нагоды Дня Волі ў Мінску.

17309667_1143841612411123_3687684207093111855_n.jpg


Ужо каля 12.00 у раёне Акадэміі навук засяроджаная вялікая колькасць спецтэхнікі і супрацоўнікаў сілавых структур. Толькі на вуліцы Акадэмічная знаходзіцца як мінімум 20 аўтазакаў, шмат аўтобусаў з супрацоўнікамі міліцыі і АМАПа ў адмысловым абмундзіраванні.
Сілавікі ў цывільным спыняюць людзей, якія ідуць у бок метро "Акадэмія навук", і прапануюць прайсці ў абход. Міліцыя стаіць нават ля ўваходу ў гарадскі анкадыспансер, які размешчаны на вуліцы Акадэмічнай. Станцыя метро "Акадэмія навук" пакуль працуе ў звычайным рэжыме.

Напярэдадні Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні шэсця з нагоды Дня Волі па заяўленым аргкамітэтам маршруце ад Акадэміі навук да парку Янкі Купалы, прапанаваўшы правесці мітынг у парку Дружбы Народаў. У сувязі з гэтым заяўнікі адклікалі сваю заяўку.Пра намер правесці акцыю са зборам ля Акадэміі навук заявіў Мікалай Статкевіч.

17522597_1143839232411361_2862181885926999756_n.jpg


Фота facebook.com/taciana.reviaka

Сяргей Каралевіч, БелаПАН