«Пакуль не арыштавалі і не канфіскавалі тавары». Закрываецца крама Symbal.by на праспекце Машэрава

Афлайн-крама Symbal.by на праспекце Машэрава, 18 з 29 чэрвеня спыняе сваю працу, паведамляе старонка крамы ў фэйсбуку.

symbal.jpg

«Запрашаем вас да канца тыдня набыць у нас што-небудзь, пакуль тавары крамы не арыштавалі і не канфіскавалі. У наяўнасці яшчэ шмат сцягоў, цішотак, кубкаў, павязак, торбаў ды іншай прадукцыі», — гаворыцца ў паведамленні.
Супраць крамы не спыняюцца праверкі, а толькі павялічваюцца.
На мінулым тыдні на вытворчасць прыйшла санстанцыя, якая выпісала пастанову аб спыненні вытворчасці, і міліцыя, якая забрала на праверку 9 бел-чырвона-белых сцягоў.
Таксама працягваецца праверка падатковай і АБЭЗ, да гэтага часу няма інфармацыі, на якой падставе канфіскаваныя ў кур'ера 419 цішотак з надпісам «ПСІХОЗ%».
Ужо тыдзень ЖРЭА, ЖЭУ 2 і ЖКГ Савецкага раёна адмаўляюцца падключыць электрычнасць, хоць маюцца ўсе дамовы.
На гэтым тыдні крама дадаткова атрымала ліст ад Мінгарвыканкама з патрабаваннем прыбраць цягам трох дзён з будынка шыльды крамы, а сёння, 23 чэрвеня, прыйшоў прадстаўнік МНС разбірацца па ананімнай скарзе: нібыта з памяшкання ідуць непрыемныя пахі, і жыхары скардзяцца, што апазіцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасцю.
«Таму просім вас наведаць і падтрымаць нашу краму ў найбліжэйшыя дні, пакуль нас не прымусілі спыніць працу. Калі вы жывяце не ў Мінску ці не ў Беларусі, то праз сайт Symbal.by можна падтрымаць нас і аплаціць карткай стыкеры салідарнасці», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле Нашай Нівы