Палата прадстаўнікоў не будзе ініцыяваць змены ў Закон «Пра масавыя мерапрыемствы»

Гэта вынікае з адказу старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Наталлі Гуйвік на калектыўны зварот, размешчаны на платформе vybiraj.by. 

Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі 2017

Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі 2017


Падпісанты звароту заклікалі дэпутатаў ініцыяваць унясенне зменаў у дадзены закон і стварыць адмысловую камісію, да працы якой будуць далучаныя, акрамя дзяржаўных структур, і няўрадавыя арганізацыі ды палітычныя партыі Рэспублікі Беларусь.
Сваю пазіцыю дэпутаты аргументуюць тым фактам, што Канстытуцыйны Суд ухваліў Закон "Пра масавыя мерапрыемствы":
"Згодна Рашэнню Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад  28 кастрычніка 2011 г. № Р-630/2011 «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» Закон прызнаны адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У Рашэннi, у прыватнасці, адзначаецца, што прадугледжаныя Законам меры абмежавальнага характару не скажаюць сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод, не вядуць да страты іх рэальнага зместу, суразмерныя абараняемым грамадскім і дзяржаўным інтарэсам, правам і свабодам асобы, а таксама выступаюць сродкам прававой абароны грамадскага парадку і грамадскай бяспекі, маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў".
Дэпутаты спасылаюцца на міжнароднае заканадаўства, якое таксама абмяжоўвае права на мірныя сходы:
"Звяртаем увагу, што ўстанаўленне абмежаванняў правоў і свабод асобы дапускаецца і палажэннямі міжнародных актаў. У прыватнасці, артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прызнаецца права на мірныя сходы. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.
Таксама адзначаем, што нормы Закона, акрамя стварэння ўмоў для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян на свабоднае выказванне свайго меркавання, а таксама свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання таксама накіраваны на забеспячэнне грамадскай бяспекі і парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў на вуліцах, плошчах і ў іншых грамадскіх месцах."
Прачытаць адказ дэпутатаў цалкам можна ТУТ.
Паводле прэс-рэлізу