Паляванне на педафілаў

 Скандальная гісторыя «палявання» на педафілаў, у якую трапіў у ліпені грамадска-палітычны актывіст нетрадыцыйнай арыентацыі з Ваўкавыску Віталь Гуляк, атрымала свой працяг. «Паляўнічых» выклікалі ў пракуратуру па заяве аб нападзе, але нікому з іх нават не выпісалі штраф. Журналіст НЧ Алена Барэль сустрэлася з адным з арганізатараў і ўдзельнікаў суполкі «Скураны мікрафон» Аляксеем Чугнадзэ, каб высветліць далейшыя планы маладзёнаў: ці не распаўсюдзіцца «паляванне» пасля выпадку з Гуляком не толькі на педафілаў, але і на сэксуальныя меншасці?

Аляксей Чугнадзэ прыйшоў на сустрэчу ў кавярню з маскай Гая Фокса ў руках, больш вядомай як маска «Vendetta» з коміксу, а потым і з фільма «V — значыць вендэта». Адметна, што там таямнічы чалавек у масцы вядзе падпольную барацьбу супраць улады і, паміраючы, вызваляе краіну ад таталітарызму, становіцца нацыянальным героем.

Аляксей сціпла замовіў шклянку вады і пачаў распавядаць.

— Мы ствараем на сайце знаёмстваў анкету дзяўчынкі ці хлопчыка 11–14 гадоў. Чакаем, пакуль паступіць прапанова ад дарослага дзядзькі сустрэцца для сэксу. Пры гэтым мы неаднаразова нагадваем яму пра «свой» узрост. Калі ж, нягледзячы на гэта, перапіска і непрыстойныя прапановы працягваюцца, мы згаджаемся на сустрэчу. Гэта лоўля на жыўца.

— На сустрэчы вы хапаеце педафіла, здымаеце на відэа, а потым выкладаеце ў сеціва?

— Мы прыходзім, каб расчараваць педафіла і трохі з ім пагутарыць.

— «Пагутарыць» — гэта збіць?

— Гвалт не ўжываецца ні ў якім разе. Мы толькі здымаем сустрэчу на відэа, патрабуючы прызнанняў і выбачэнняў. Мы проста хочам, каб яго калегі, сям’я, суседзі, знаёмыя ведалі, хто жыве побач з імі.

— Месяц таму, 27 ліпеня, вы ў сеціве ад імя 16-гадовага мінскага падлетка дамовіліся на сустрэчу з геем Віталем. Навошта?

— Спачатку мы вялі перапіску з ім ад імя 18-гадовага хлопца. Потым «прызналіся» ў 16-гадовым узросце, але ж Віталя гэта не спыніла (у нас ёсць усе раздрукоўкі размоў). Вось і трапіў на спатканне не з хлопчыкам, а з намі. Мы нікога не збіраліся абразіць, не было ніякай палітычнай афарбоўкі.

— А навошта было махаць перад носам чалавека на камеру фалаімітатарам, які ў сеціве пабачаць падлеткі?

— Было шмат спрэчак з-за гэтага. Мяркую, што з часам гэта зменіцца. Увогуле, важны сам змест відэа, а не антураж. Не бачу тут нічога страшнага.

— Хто звычайна вядзе перапіску ад імя непаўнагадовых?

— Усе патроху. З Віталікам мы перапісваліся некалькі тыдняў. Яго адвакатка, дарэчы, збіраецца судзіцца з намі. А вось у пракуратуры нам сказалі, што мы змагаемся за правую справу, і калі з нашага боку не будзе ніякага гвалту, агрэсіі і пераследу з нейкіх палітычных мэтаў, яны толькі вітаюць гэта.

Сярод нас няма ні алкаголікаў, ні наркаманаў, усе дастаткова дужыя, многія — спартоўцы. Шмат хто, як і я, займаецца бізнэсам. У мяне частка бізнэсу тут, а частка ў Расіі.

— Прагледзеўшы старонку і фота аднаго з асноўных удзельнікаў «Скуранага мікрафона» Аляксандра Барадзіна, я адзначыла тату з рунамі, сонцазваротам і надпісы на саколках «Говори со мной на РУССКОМ языке!». Ці не рухаюць вамі ідэі РНА?

— Не, вы што! Тату — для прыгажосці, ён любіць усе славянскае. Тату — маё хобі (дэманструе «размаляваныя» рукі), імі ў мяне пакрыта каля 60 адсоткаў цела, сам раблю эскізы. Усе мы — звычайныя хлопцы і да ніякіх груповак не належым. Што датычыцца рускай ідэі, то я, напрыклад, напалову грузін, і нікому з хлопцаў гэта не замінае.

— Знятыя тры ролікі. Гэта значыць, што вы арганізаваліся адносна нядаўна?

— Так, з вясны. Вырашылі з прыяцелямі, касцяк — шэсць чалавек, у вольны ад працы час рабіць добрую справу. Ведаеце, маёй сястрычцы 12 гадоў, і яна актыўна карыстаецца сецівам. А ў гэтым узросце дзіцё нескладана падмануць. І аднойчы я ўявіў, што яна таксама можа трапіць у лапы педафілу, які зруйнуе ёй жыццё. Абмеркаваў з хлопцамі, як і што ў гэтым напрамку можна зрабіць, так усё і пачалося.

— Гэта была цалкам ваша ідэя, ці ваша дзейнасць каардынуецца кімсьці звонку?

— Мы працуем па аналагу з арганізацыямі, якія ёсць у Расіі, Украіне дый іншых краінах СНД, аб’яднаных рухам «СТОП Ублюдки», да якога мы і далучыліся. Перапісваліся з расійскімі хлопцамі, дасылалі ім відэа для апрацоўкі і аналізу. Працуем усе па агульных базах дадзеных, якія змяшчаюць інфармацыю аб педафілах і ўвесь час абнаўляюцца.

— Дык чаму на вашай старонцы vk.com/didloTV значыцца «Скураны мікрафон»?

— «Скураны мікрафон» — назва для нашага «тэлеканала» аб педафілах на старонцы «ВКонтакте». А ўвогуле мы завёмся «ОМП» — «Отлов минских педофилов».

— Колькі ў вас людзей?

— Некалькі дзясяткаў чалавек, ва ўсіх буйных гарадах. На сустрэчу з педафілам у Мінску могуць прыехаць каля 30–40 чалавек.

— А што канкрэтна, якія словы вы яму кажаце?

— Стаю над вухам і душу маральна: «Ты — хворы» і г.д. Пытаюся, ці былі ў яго эпізоды з дзеткамі дагэтуль. Апошні, Віталік, адказаў, што былі… І яшчэ невядома, ці ведаюць пра гэта бацькі тых малых. Дарослы ж, дастаткова разумны і адукаваны чалавек, выдатна ведаў, што ягоныя дзеянні ў адносінах малалеткі будуць насіць супрацьпраўны характар. Самае цікавае, што ён лічыць сябе правым: паведаміў мне, што ён — гей. Арыентацыя — асабістая справа кожнага, але калі дарослы мужчына ломіць псіхіку дзіцяці, гэткі чалавек небяспечны. І небяспечным ён будзе да таго часу, пакуль яго не выкрыць. Таму мы прыкладаем максімум высілкаў, каб усе навокал разумелі, што гэта за чалавек. Зараз мы збіраем грошы на якасную відэаапаратуру для здымак.

— Колькі педафілаў у Беларусі вы зараз адсачылі і з кім ведзяце перапіску?

— Зараз мы валодаем матэрыяламі на цэлы гурт беларускіх педафілаў, трымаем кожнага з іх у распрацоўцы. Не хачу афіша­ваць лічбы, яны жудасныя, вельмі шмат дарослых людзей перапісваецца з 11–12 гадовымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. База будзе пашырацца, ролікі выкладвацца ў сеціва, усё ўбачыце самі. Хачу звярнуцца да бацькоў: калі ласка, праглядайце старонкі сеціва, на якія заходзяць вашы дзеці!

— Ці адсочваеце вы жыццё выкрытых вамі педафілаў?

— Так, перыядычна. У кожным буйным горадзе ў нас ёсць свае інфарматары.

— Які сэнс укладаеце ў маску Гая Фокса, ці «Vendetta», якую апранаеце на сустрэчах з педафіламі?

— Аблічча Гая Фокса сімвалізуе, у першую чаргу, свабоду. Гэта рэвалюцыянер, якога ўлады спрабавалі пакараць смерцю, але нічога не атрымалася. З гэтай маскай я браў удзел у акцыях барацьбы супраць наркотыкаў на фэсце «Global Gathering», для мяне яна вельмі шмат значыць. Яна не для таго, каб схаваць твар як злачынцу. Нас шмат крытыкуюць, але мне неабыякавы лёс дзяцей, якія становяцца ахвярамі педафілаў. Не ўсе з пацярпелых кажуць родным. У мяне ёсць знаёмая, якую ў дзяцінстве заманіў нібыта для гаворкі і згвалтаваў дарослы мужык. Пра гэтае яна распавяла толькі ў 23 гады і аднаму чалавеку.

Гей Віталь Гуляк трапіў у пастку «паляўнічых»

Дэ-юрэ

Міліцыя не можа выкарыстоўваць вынікі дзейнасці «паляўнічых» за педафіламі, бо сабраныя ўдзельнікамі матэрыялы не маюць доказнай сілы ў судзе. Паводле беларускага заканадаўства, асобным грамадзянам не прадстаўлена права на ажыццяўленне аператыўна-вышуковай дзейнасці. З пункту гледжання крымінальнага заканадаўства, узнікаюць пытанні па кваліфікацыі дзеянняў супольнасці. Акрамя таго, існуе прэзумпцыя невінаватасці: ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, акрамя як па выраку суда.

Удзельнікі групы «СТОП Ублюдки» могуць панесці адказ­насць за прычыненне шкоды гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, але толькі ў выпадку звароту пацярпелага ў суд з позвай. Існуе таксама адміністрацыйная і крымінальная адказнасць за паклёп — распаўсюд загадзя ілжывых звестак, якія б ганьбавалі іншага чалавека.

Па цяперашнім заканадаўстве, педафілам за адзін толькі намер спакусіць малалетніх нічога не пагражае. Крымінальная справа распачынаецца толькі пасля таго, як адбудзецца пацалунак, ці пакуль педафіл не пакажа дзіцяці свае палавыя органы. Справа распачынаецца толькі пасля здзяй­снення злачынства.