Паліна Скурко пра спатканне з мужам: «У Магілёве ў бліжэйшыя паўтара месяца будзе маё сэрца»

Паўліна Скурко распавяла пра спатканне з мужам-палітвязнем.

42806431_1403336056466166_8767321749256667136_n.jpg

«Якія гэта ў нас былі клопаты да 2020-га? Цяпер і не ўспомніць, за што мы ў мінулыя часы перажывалі… Прыціскаеш трубку да вуха, а ў галаве раіцца: секунды ідуць! Што я хацела спытаць?! Калі я наступны раз яго пабачу? Божа, які прыгожы. Божа, калі гэта скончыцца? Секунды, секунды ідуць!..» — Паўліна Скурко, жонка рэдактара «Н*шай Нівы» Андрэя Скурко, распавяла на сваёй старонцы ў Facebook пра спатканне з мужам у Магілёве:

Магілёў — поўны велічнай годнасці горад.

«Ведаеш, з усіх гарадоў, куды цябе маглі адправіць, Магілёў мне падабаецца больш за ўсё».

«Мне таксама», — кажа Андрэй.

Першую хвіліну смяёмся ад шчасця.

Тыдзень таму бачыла Андрэя ў Магілёве. Гэта было наша другое з двух дазволеных пасля суду спатканняў. Адбылося не без прыгод, будзе што ўспомніць.

Рэч у тым, што паміж прысудам і апеляцыяй чалавеку дазваляюць два спатканні: першае на працягу некалькіх дзён пасля суда, другое — у любы час, пакуль справа не сыдзе на апеляцыю.

І вось мы сустрэліся адразу пасля прысуду.

А потым прайшоў час, прыехалі якраз Андрэевы бацькі ў Мінск, і мы вырашылі запытаць другое спатканне.

Схадзілі з заявамі ў суд (а гэта штораз вялікая прыемнасць, самі разумееце), атрымалі неабходныя подпісы-пячаткі… На Валадарцы ёсць чатыры гадзіны для спатканняў: 9.00, 10.00, 14.00 і 15.00. У прынцыпе, і бацькі, і я маглі б патрапіць да Андрэя ў адзін дзень. Але паколькі дазвол на спатканне дзейнічае тры дні, я — прыдумшчыца — кажу: давайце зробім яму тры дні свята, давайце хадзіць па чалавеку ў дзень!..

Карацей, у аўторак, адразу пасля паходу ў суд, мы адправілі да Андрэя бацьку.

У сераду раніцай пайшла маці. Падае паперу ў акенца для зацвярджэння часу, а ёй кажуць: «А яго ўчора вечарам этапавалі ў Магілёў».

Уф-уф-уф. Нам спатрэбілася трохі часу, каб прыйсці ў сябе.

А потым мы паехалі ў нашу ждановіцкую «Карону», накупілі вялікую-вялікую перадачу, і а 5.20 у чацвер выехалі ў Магілёў. Трэба было да 8 паспець запісацца, каб патрапіць на спатканне сёння ж. Пэўнасці не было. Дазвол наш дзейнічаў апошні дзень.

Я ехала і думала: Госпадзі, якое спакойнае будзе ў нас некалі жыццё!.. І яшчэ: і якія гэта ў нас былі клопаты да 2020-га? Цяпер і не ўспомніць, за што мы ў мінулыя часы перажывалі…

Прыехалі. Паспелі.

Першай да Андрэя пайшла яго мама. Потым яна расказвала, што калі Андрэй пабачыў, куды яго прывялі і хто перад ім, не змог стрымаць слёз. Яму не паведамілі, куды вядуць, ён і не думаў, што мы прыехалі.

Мы з маім татам тым часам мелі паўтары гадзіны і паляцелі ў цэнтр. Я ўпершыню бачыла гэты горад, хоць перад тым многа чытала (найперш Аляксея Бацюкова) — і цяпер была зачараваная ярамі і пагоркамі, густатой праяў жыцця, прыватным сектарам, які ўвесь — адбітак характараў гаспадароў.

Паспела яшчэ паглядзець фрэскі і проста з касцёла святога Станіслава прыехала на спатканне.

Андрэй стрыжаны пад нуль, худы, падцягнуты. Спакойны і вясёлы. Такі як заўжды.

Першыя хвілін дваццаць мы гаварылі пра: рэльеф магілёўскай трасы і Магілёва; тэорыі прарадзімы славян (і Андрэй расказаў, што ёсць тэорыя, нібы славяне — гэта моўная група, а не племя). Я расказвала тое, што нядаўна вычытала пра Змеевы валы і Каменную Магілу — археалагічны запаведнік пад Мелітопалем. Ён расказаў, з якім захапленнем чытае адну з кніжак, што я для яго купляла — «Мая дагістарычная сям’я. Генетычны дэтэктыў». У мяне аж усё заспявала ўнутры.

Такая размова можа падацца дурасцю — маўляў, маючы раз на тры месяцы магчымасць пагаварыць, пагавары пра важнае. Але цяпер думаю, што гэта быў ці не самы важны момант спаткання. Такі сігнал, што ўсё нармальна і ўсё будзе нармальна, калі турма скончыцца. (Усё не будзе так, як было, бо будзе значна лепш, пісаў некалі Андрэй.)

Раскоша звычайнай сямейнай гутаркі.

Я бачыла, што Андрэй супакоіў хваляванне і засяродзіўся, каб гаварыць гэтымі простымі хатнімі інтанацыямі на тэмы кухонных размоў.

Са мной было тое самае. Прыціскаеш трубку да вуха, а ў галаве раіцца: секунды ідуць! Што я хацела спытаць?! Калі я наступны раз яго пабачу? Божа, які прыгожы. Божа, калі гэта скончыцца? Секунды, секунды ідуць!!..

Так, спакойна. (Хто ведае Андрэя, ведае і гэту яго інтанацыю.) Супакоілі адно аднаго позіркамі.

Я адзела на спатканне вязаныя пацеркі — вішанькі на галінцы — якія сястра восенню купіла мне на Андрэеўскім узвозе, у майстрыхі з-пад Кіева. А Андрэй расшпіліў байку і паказаў майку з пінгвінам, якую я падарыла на дзень нараджэння-2021.

Я расказала, што выходзяць мульцікі на яго коміксы, ён узрадаваўся. Абмяркоўвалі падрыхтоўку кніжкі дзіцячых вершаў (дасць Бог, скора яна выйдзе).

Зайшла размова, Андрэй кажа: я вырашыў не пісаць вершы пра няволю, бо гэта ўсё эмоцыі, гэта мінае. Я падумаў, што трэба рабіць тое, што нясе практычную карысць.

Гаварылі пра продкаў. Хацелася б некалі падняць іх судовыя дакументы з 1940-х — 1950-х. Андрэй у лісце цудоўна быў пажартаваў пра прысуд, што атрымаў сямейны мінімум (двое прадзедаў і дзед атрымлівалі больш). Але потым успомніў, што бывала і менш — яго прабаба сядзела паўгода. Яе пасадзілі за тое, што кухталямі выгнала з хаты п’янага мясцовага дэпутата, які прыйшоў паздзекавацца.

«…Усе мы старэем», — падагульніў Андрэй у нейкі момант. «А я не старэю», — кажу і страсянула новай прычоскай. «Ты гэта ўвогуле», — кажа ён.

У Магілёве ў бліжэйшыя паўтара месяца будзе маё сэрца.

(Апеляцыя прызначаная на 20 мая, пасля яе Андрэя перавядуць у калонію.)

Няхай святы Станіслаў, яго фрэскавыя чаплі, коні і алені берагуць цябе, мой харошы. Люблю цябе касмічна.