Палітвязень Ігар Аліневіч трапіў у атрад да былых пракурораў і суддзяў

Палітвязень Ігар Аліневіч, якога трымаюць ў віцебскай калоіі «Віцьба-3», нядаўна быў пераведзены ў іншы атрад, у які раней трапілі некаторыя былыя начальнікі, міліцыянты, пракуроры і суддзі.



alinievic.jpg

Паводле Ігара Аліневіча, паводзяцца яны цяпер гэтак, што пра былы высокі статус ніхто б не здагадаўся. Маці Ігара Аліневіча Валянціна пераказала ўражанні сына, якімі ён падзяліўся падчас апошняга кароткага спаткання.

«Ранейшы ягоны атрад расфармавалі, бо цяпер з калоній пераводзяць у адно месца асуджаных за наркотыкі, і ў выніку ягоны атрад значна скараціўся. Расказаў, што трапіў у атрад гэтак званых „былых“. Там сядзяць тыя, хто займаў высокія пасады. На ўзроўні пракурораў, іх намеснікаў, высокапастаўленых міліцыянтаў і гэтак далей. Пэўных прозвішчаў ён не называў, але казаў, што глядзець на некаторых вельмі сумна, балюча і сорамна, бо ўсю сваю фанабэрыю яны там пагублялі», — цытуе "Радыё Свабода" маці палітвязня.

Палітвязень атрымаў працу рознарабочага на дрэваапрацоўцы і заняты гэтай працай кожны дзень. Паводле Валянціны Аліневіч, «у сына амаль не застаецца часу на кнігі і лісты, але ён не наракае, не ў ягоным характары». Адметна, што Валянціна Аліневіч так і ня ведае, колькі грошай зарабляе яе сын на гэтай працы. Паводле маці палітвязня, гэтая тэма падчас кароткіх сустрэч паміж імі не абмяркоўваецца. Пры гэтым жанчына мяркуе, што ў яе сына ўзнікаюць пэўныя праблемы з харчаваннем, бо перадаць яму харчовую перадачу пры сустрэчы зноў не дазволілі, а пратрымацца на той ежы, якую даюць у калоніі, вельмі цяжка.

«Тое, што ён палітвязень, адчуваецца ва ўсім. Не толькі ў тым, што абмяжоўваюць у перадачах, але і ў абмежаваннях на інфармацыю. Лісты ад яго ідуць вельмі доўга, па 18-19 дзён, і не ўсе даходзяць. Тэлефонныя званкі — раз на 3 месяцы. Вось учора якраз далі пазваніць, і добра, што мы былі дома, а то б прапусцілі звонок. Запытаўся, ці дайшлі ад яго паштоўкі з 8 сакавіка. У выніку падлічылі, што з 15 паштовак, якія адправіў, дайшлі толькі 3. То бок нават тут робяць як найгорш для яго, каб і віншаванні ад яго людзям не даходзілі», — апавяла Валянціна Аліневіч.

​​Актывіста анархісцкага руху Ігара Аліневіча арыштавалі ў 2010 годзе ў Маскве супрацоўнікі расійскіх спецслужбаў і з завязанымі вачыма прывезлі на тэрыторыю Беларусі, дзе перадалі беларускаму КДБ. Пра гэта сам Ігар Аліневіч напісаў у кнізе «Еду ў Магадан», рукапіс якой здолеў перадаць на волю, дзе ён выйшаў асобнай кнігай. Валянціна Аліневіч згадала, што на судзе над сынам прагучала афіцыйная інфармацыя, паводле якой Ігар Аліневіч быў затрыманы не ў Расіі, а на тэрыторі Дубровенскага раёну непадалёк ад расійскай мяжы. Гэтыя звесткі Валянціна Аліневіч называе падманам. Нядаўна спадарыня Аліневіч накіравала ў Генеральную пракуратуру заяву, у якой просіць праверыць законнасць затрымання яе сына і перамяшчэння яго цераз мяжу. Адказу на свой зварот ў Генпракуратуру Валянціна Аліневіч пакуль не атрымала.

З беларускіх палітвязняў Ігар Аліневіч мае самы вялікі тэрмін — ён асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў хуліганскіх дзеяннях адносна афіцыйных будынкаў. Актывіст не прызнаў сваёй віны і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні. У віцебскай калоёніі, куды Аліневіча перавялі ўлетку мінулага года з наваполацкай калоніі, яго ўжо больш за 5 разоў накіроўвалі ў карцэр.