Палітвязня Міколу Статкевіча чакае новы суд

Адміністрацыя калоніі вырашыла, што ён "не стаў на шлях выпраўлення". Статкевіча збіраюцца адправіць з калоніі ў турму.



statkieviczsudbm.jpg

Фота: bymedia.net

Беларускага палітвязня Міколу Статкевіча чакае новы суд. Пра гэта ў Facebook піша яго жонка Марына Адамовіч:

"Адміністрацыя калоніі вырашыла, што ён настолькі "не стаў на шлях выпраўлення" і "мае намер весці злачынны лад жыцця", што яго далейшае ўтрыманне ў гэтай высокамаральнай установе немагчымае".

Паводле слоў Адамовіч, 9 красавіка нейкая камісія ў шклоўскай калоніі вырашыла адправіць Статкевіча на турэмны рэжым да канца тэрміну зняволення. Таму мусіць адбыцца суд, дата якога невядомая.

Нагадаем, Міколе Статкевічу 58 гадоў. Ён — падпалкоўнік запасу, былы кіраўнік Згуртавання беларускіх вайскоўцаў і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Затрыманы 19 снежня 2010-га пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 26 траўня 2011 года асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міколу Статкевіча вязнем сумлення. Раней у шклоўскай калоніі ён ужо прызнаваўся злосным парушальнікам і адпраўляўся судом у магілёўскую турму.

Цяпер гісторыя паўтараецца. Марына Адамовіч піша, што ў Міколы Статкевіча ўжо 13 спагнанняў, з якіх 10 — за "адмову ад працы".


euroradio.by