Палітвязню Мікалаю Дзядку афіцыйна прад’яўлена новае абвінавачанне
Сёння палітвязню Мікалаю Дзядку прад’яўлена канчатковае абвінавачанне. Да гэтага ён знаходзіўся ў статусе падазраванага.
У панядзелак была праведзена судова-псіхалагічная экспертыза, вынікі будуць вядомыя пры азнаямленні са справай. «Мера стрымання па новай справе не абіралася, таму ён застаецца да суда ў турэмнай адзіночнай камеры. Па словах зняволенага, асноўныя яго парушэнні — гэта знаходжанне ў камеры ў спартыўным касцюме. Гэта ў нашай краіне называецца злосным непадпарадкаваннем», — паведамляе група «Свабоду Мікалаю Дзядку!» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте».
Раней стала вядома, што Мікалая Дзядка абвінавачваюць у чарговы раз, толькі ўжо па артыкуле 411 частка 1 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).
На дадзены момант ён знаходзіцца ў Магілёўскай турме, і, хутчэй за ўсё, хутка будзе пераведзены ў СІЗА. Зняволены павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 года, адбыўшы пакаранне ў 4.5 гады пазбаўлення волі. Артыкул 411 прадугледжвае да 1 года пазбаўлення волі ў дадатак да асноўнага пакарання.