Палітвязень Вячаслаў Караткевіч сёння выходзіць на волю
Сёння, 12 кастрычніка, заканчваецца тэрмін адбыцця пакарання ў 53-гадовага Вячаслава Караткевіча з Магілёва, паведамляюць праваабаронцы.

Ленінскі суд Магілёва 21 красавіка прысудзіў палітзняволенага да 2 месяцаў арышту па арт. 341 Крымінальнага кодэкса. Згодна з абвінавачаннем, у снежні 2020 года Вячаслаў расфарбаваў бела-чырвонымі палосамі агароджу школы, а таксама кіёск, слупы, дрэвы ў пасёлку на ўскрайку Магілёва. Як вынікае з матэрыялаў справы, пра палосы міліцыя даведалася ад кіраўніка школы і ананімнай крыніцы.
З 12 жніўня палітвязень адбываў пакаранне ў магілёўскай турме №4, а сёння Караткевіч выходзіць на волю.
Адметна, што ў Беларусі ёсць яшчэ адзін палітвязень Вячаслаў Караткевіч — настаўнік англійскай мовы са Свіслачы Гродзенскай вобласці, асуджаны на 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі па артыкуле 367 КК («Паклёп на прэзідэнта»).