Палітвязень Жамчужны: Я ў поўнай ізаляцыі. Са мной і павітацца ніхто не можа...

Пасля чарговага пакарання штрафным ізалятарам (ШІЗА) палітвязень Міхаіл Жамчужны выйшаў на сувязь з віцебскімі праваабаронцамі.

c98f7d62759dc3deca1fbb052b12d323.jpg

У кароткім лісце да калегаў ён паведаміў, што праблемы з ліставаннем працягваюцца. Пра гэта «Віцебскай Вясне» расказаў праваабаронца Леанід Свецік.
З трох лістоў, якія Міхаіл адрасаваў Леаніду Свеціку, праваабаронца атрымаў толькі адзін ліст!
«Пішу табе ўжо трэці раз запар. Два лісты знішчаныя цэнзурай «за шкоду дзяржорганам, грамадскім аб'яднанням і прыватным асобам». Я разумею, што кожнае маё слова, якое прарываецца на волю, вельмі турбуе ўладу. І ёсць за што турбавацца. За дзесяць дзён адсюль не выйшла аніводнага ліста», – піша палітвязень Міхаіл Жамчужны.
Тое, што Жамчужны ізаляваны ад астатніх зняволеных, для праваабаронцаў не таямніца. Аднак тое, што ізаляцыя робіцца татальнай, – нечакана. «Я ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага свету. Са мной нават павітацца ніхто не можа», – са смуткам заўважае ў сваім лісце вязень Горацкай папраўчай калёніі №9.
Каб неяк згладзіць негатыўныя наступствы ізаляцыі, Жамчужны чытае газеты і кнігі, рыхтуе скаргі ў суды, піша лісты грамадскім актывістам. Міхаіл Ігаравіч шліфуе майстэрства прававой абароны, якое збіраецца выкарыстаць не толькі для абароны самога сябе, але і іншых асобаў, правы якіх парушаюцца дзеяннямі прадстаўнікоў дзяржавы.

«Ты ўжо 5 гадоў мяне падтрымліваеш…»

Палітвязень Жамчужны падзякаваў Леаніду Свеціку за тое, што праваабаронца ўжо доўгі час лістуецца з ім. «Здымаю капялюш – ты ўжо пяць гадоў як мяне падтрымліваеш, суправаджаеш мае справы, абараняеш, прычым заўсёды са станоўчым вынікам», – піша Міхаіл Жамчужны.
«Сапраўды, першы ліст Жамчужнаму я напісаў аж у студзені 2015 году. У ім віншаваў палітвязня з Калядамі. І пасля гэтага нашая перапіска не спынялася. Перарывалася толькі на колькі месяцаў, калі Міхаіла змяшчалі ў ШІЗА. Я перабраў архіў перапіскі і налічыў 73 канвэрты з лістамі ад Жамчужнага. А калі ўлічыць, што чвэрць лістоў не дайшлі да мяне з прычыны пільнасці цэнзараў, то толькі мне палітвязень напісаў больш за 100 лістоў», – расказаў «Віцебскай Вясне» праваабаронца Леанід Свецік.
Завяршаючы ліст, Міхаіл традыцыйна перадае прывітанні і падзякі ўсім тым, хто не пакідае яго ў бядзе, хто піша яму аптымістычныя лісты падтрымкі. Палітвязень спадзяецца, што, нягледзячы на будучую выбарчую кампанію, беларусы пра яго не забудуцца.
Пішыце палітвязню на адрас: 213410, ПК-9, бр.31, ПКТ, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласць, Беларусь. Жамчужнаму Міхаілу Ігаравічу.
belaruspartisan.by