Палітвязня Віктара Лосіка асудзілі да чатырох гадоў калоніі
19 красавіка суд Мінскага раёна вынес прысуд палітвязню Віктару Лосіку. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 339, 341 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да двух гадоў калоніі паводле ч.1 арт. 339, да чатырох гадоў калоніі — па ч. 2 арт. 339, да месяца арышту — па арт. 341. У выніку праз паглынанне больш мяккага пакарання больш строгім Віктар Лосік асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Справу разгледзела суддзя Новікава. Дзяржабвінавачванне падрымала пракурор Касінская. Пацярпелыя — старшыня ўчастковай выбарчай камісіі ў Хацежына Радзько і яе намесніца Красоўская. Абедзве заявілі пазоў на выплату маральнай шкоды: па тры тысячы рублёў кожнай. Пазоў суддзя Новікава таксама задаволіла.
Суд таксама абавязаў спагнаць з Лосіка дзяржпошліну — 174 рублі, судовыя выдаткі — 492 рублі 44 капейкі.
Палітвязня прызналі вінаватым у тым, што ён павесіў на мосце пудзілы з фотаздымкамі міністра ўнутраных спраў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастка для галасавання з надпісам «Не забудем, не простим!», а таксама ў нанясенні выяў з беларускім нацыянальным гербам «Пагоня» на збудаваннях і апорах моста. Фотаздымкі пудзілаў былі размешчаны ў чаце «Хацежына для жыцця».
Віктар Лосік прызнаў віну па арт. 339 і не пагадзіўся з арт. 341, прынёс прабачэнні пацярпелым, пудзілы з фотаздымкамі якіх вывешваў: прызнаў усе тры факты вывешвання пудзілаў.
Праз тры выпадкі пракурор настойваў на паўторнасці дзеянняў. Адвакат настойваў, што злачынства было адно, якое працягваецца ў часе пры выкананні: Лосік замовіў адразу тры пудзілы і планаваў вывесіць іх з партрэтамі канкрэтных асоб, бо за адну ноч рэалізіваць гэта было фізічна немагчыма.
Пацярпелыя настойвалі на ізаляцыі Лосіка і не знізілі суму маральнай шкоды, нават калі перад судом родныя прапанавалі ім па 500 р. наяўнымі ў якасці кампенсацыі: пацярпелыя адмовіліся ад гэтага.
У апошнім слове Віктар Лосік прызнаўся, што яму сорамна за свой учынак і прынёс прабачэнні пацярпелым.
«Сваімі дзеяннямі з пудзіламі я не ставіў мэты непаважна аднесціся да грамадства. Усё, што я здзейсніў, звязана выключна з тым, якія пасады займалі пацярпелыя — гэта не звязана з аніякай помстай, хуліганствам. Я супраць гвалту, на той момант я не мог дагрукацца да ўлад і данесці сваю грамадзянскую пазіцыю законнымі спосабамі, таму палічыў, што гэтыя дзеянні дапамогуць мне гэта зрабіць. Думаю, усе прысутныя разумеюць, што мае дзеянні не былі звязаныя з гвалтам ці заклікамі да яго, не неслі пагрозы грамадству. Гэта былі дзеянні роспачнага чалавека, якога не чуюць. Таму мне падаецца, што на свабодзе я быў бы больш карысным грамадству: і асабліва маёй жонцы, дзецям, сталым бацькам».
spring96.org