Палітвязняў асудзілі яшчэ і за здзек са сцяга — і дадалі тэрмін
Палітвязняў Іллю Патрушава і Віктара Шмігельскага, якія адбываюць пакаранне, зноў асудзілі. На гэты раз — за здзек з дзяржаўнага сцяга, паведамляюць праваабаронцы.
У судзе Жлобінскага раёна вынесены прысуд па крымінальнай справе за «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК РБ). На лаве падсудных — двое мясцовых жыхароў: палітвязні Ілля Патрушаў і Віктар Шмігельскі. У сакавіку ім ужо прысудзілі па тры гады калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту ў Жлобіне пасля выбараў.
Згодна з матэрыяламі абвінавачання, у верасні 2020 года Патрушаў і Шмігельскі знялі з аддзялення «Белпошты» дзяржаўны сцяг і зайшлі ў бліжэйшы двор, дзе «працягвалі абразлівыя дзеянні ў дачыненні да дзяржаўнага сімвала».
Суддзя Наталля Качалава прызнала іх вінаватымі і прызначыла па адным годзе «хіміі» кожнаму.
Па сукупнасці пакаранняў палітвязням прысудзілі два гады і восем месяцаў калоніі. Такім чынам, да ранейшага пакарання дадалося яшчэ два месяцы калоніі.