Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын перанёс інфекцыю ў СІЗА
Абвінавачаны ў «здрадзе дзяржаве» журналіст «Новага Часу» Дзяніс Івашын утрымліваецца ў гарадзенскай турме №1. У выніку жудаснай антысанітарыі палітвязень падхапіў там невядомую інфекцыю.
На сёння Дзяніс Івашын утрымліваецца ў палоне 507 дзён. Пра навіны з жыцця палітвязня паведамляе адмысловая суполка ў Telegram.
— Ва ўмовах антысанітарыі, на якую, відаць, цалкам наплявала адміністрацыя гарадзенскай вязніцы, па турме ходзіць нейкая чарговая інфекцыя, — паведамляюць блізкія журналіста. — Адно з двух: або нехта халатна ставіцца да сваіх абавязкаў, або падобную сітуацыю ствараюць штучна паводле загаду ці жадання пэўных асобаў. І я, калі шчыра, не ведаю, які з тых двух варыянтаў горшы.
Калі Дзяніс Івашын, адчуўшы моцны боль у горле, выклікаў турэмнага лекара, той адразу ж прызначыў яму антыбіётык.
— То бок, меркавана, з падобнай сітуацыяй вязнічны фэльчар ужо не раз сутыкаўся, — падкрэсліваюць у суполцы з навінамі палітвязня. — Дзяніс паслухмяна прыняў прызначаны лек, аднак адразу адчуў, што нешта не так, зразумеў, што пачалася алергічная рэакцыя арганізма, пасля чаго быў вымушаны паклікаць медыка ўжо другі раз. На шчасце, доктар прыйшоў вельмі хутка, даў супрацьалергенны сродак, чым рэакцыю спыніў. На дадзены момант Дзяніс адчувае сябе нармалёва.
Блізкія Дзяніса Івашына раяць сваякам палітзняволеных пільна сачыць за станам здароўя сваіх родных за кратамі, «бо супрацоўнікам гэтых непадкантрольных зачыненых установаў на сваіх падапечных пляваць».
Падтрымайце журналіста лістамі, тэлеграмамі, пераводамі і пасылкамі: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.