Паляванне на TUT.BY працягваецца? На сувязь не выходзяць супрацоўнікі партала

Прыкладна з 11.30 перасталі выходзіць на сувязь трое супрацоўнікаў TUT.BY — журналіст аддзела 42 Дзяніс Буркоўскі і рэдактары аддзела SMM Аля Буркоўская і Максім Пушкін.


Каля дома Буркоўскіх стаіць бус, у якім заўважылі чалавека ў балаклаве, паведамляе тэлеграм-канал TUT.BY.

Іншыя каналы паведамляюць, што на сувязь не выходзіць таксама Насця Пруднікава. Яна працавала з Lady.tut.by.

Офіс рэдакцыі TUT.BY быў заблакаваны 18 траўня, туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Адначасова ператрусы адбыліся ў рэгіянальных офісах TUT.BY, журналістаў, рэдактараў і тэхнічных супрацоўнікаў партала. Пазней у ДФР паведамілі, што на службовых асоб завялі крымінальную справу за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку праваахоўнікаў, TUT.BY, будучы рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій, атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў.

Статуса рэзідэнта ПВТ TUT.BY пазбавілі ў дзень вобшукаў, 18 траўня. Практычна адначасова, на падставе звароту Генеральнай пракуратуры, Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта і яго люстэркаў.

Па справе праходзяць 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы персанал медыйнага партала, а таксама генеральны дырэктар Hoster.by. Гэта Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Сяргей Павалішаў, Дар'я Данілава, Юлія Чарняўская, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касцючэнка. Некаторыя з іх знаходзяцца ў СІЗА, некаторыя — пад хатнім арыштам.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала іх палітычнымі зняволенымі.

У снежні 2020 года TUT.BY па патрабаванні Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджанні да матэрыялаў аб правядзенні прэзідэнцкіх выбараў, дзейнасці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і гэтак далей.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: