Ілля Дабратвор: Улады рыхтуюць рэсурс, які павінен замяніць TUT.BY
Журналіст і палітычны актывіст Ілля Дабратвор на мінулым тыдні пакінуў Беларусь, цяпер ён знаходзіцца ў Варшаве.

Ён расказаў «Нашай Ніве» пра прычыны эміграцыі, а таксама аб прапанове, ад якой было цяжка адмовіцца.
— Я пайшоў працаваць на будоўлю, бо трэба неяк выжываць. Працую на рэстаўрацыі ў цэнтры Варшавы. Калі з’ехаў, то цяпер магу гаварыць, што хачу. Калі б у мяне не было дзяцей, то я б мог застацца і ісці да канца, але я абраў дзяцей і іх будучыню. Пакуль Лукашэнка не сыдзе, я дакладна не вярнуся.
Улады цяпер рыхтуюць рэсурс, які павінен замяніць TUT.BY. Мне прапанавалі там працу, я не адмаўляўся, бо збіраўся з’ехаць з Беларусі. Не буду казаць, хто менавіта прапаноўваў, але гэта адзін з праўладных экспертаў. Калі я казаў, што хачу з’ехаць, мне пачалі пагражаць, што не дадуць гэта зрабіць. Улада хацела, каб я працаваў на іх.
У мяне былі толькі некалькі варыянтаў: альбо пачынаць працаваць на іх, альбо з’язджаць, альбо садзіцца ў турму. Мне не давалі працаваць журналістам, дзе б я ні з’яўляўся, мяне затрымлівалі. Мяне выкінулі з прафесіі, не давалі магчымасці зарабляць грошы.
Яны капалі на мяне за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Я кажу, што працаваў як журналіст, але ім пофіг… Мне далі тры дні. Я за суткі зрабіў візу і з’ехаў, інакш бы я сядзеў.