Памежнікі не пусцілі ў Беларусь экаактывістку з Украіны
Юлія Маклюк ехала ў Мінск для ўдзелу ў Міжнародным форуме валанцёраў і прыхільнікаў «На тваім баку», арганізатарам якога выступіла «Зялёная сетка».
Экалагічную актывістку і трэнерку знялі з начнога цягніка Кіеў-Мінск.
Вось, што сама Юлія распавядае аб тым, што здарылася:
«Звярталіся ветліва, прэтэнзій няма. Але прычыну адмовы не патлумачылі, толькі паставілі штамп у пашпарт 'Уезд забаронены'. Без паняцця, з чым гэта звязана. Можа, з актывізмам, але сцвярджаць не магу».
На колькі актывістцы забаранілі ўезд у Беларусь, памежныя службы нашай краіны не растлумачылі. Толькі сказалі, што трэба пісаць запыт у міграцыйную службу, каб высветліць падрабязнасці і прычыны забароны.
На форуме Юлія павінна была правесці трэнінг па выгаранню у валанцёрскім асяроддзі.
Нагадаем, што ўчора стала вядома аб масавай забароне на ўезд у Польшчу экалагічным актывістам, у тым ліку і з Украіны. Усе яны мелі намер прыняць удзел у перамовах ААН па клімаце, якія праходзяць у Катавіцах.
Юлія Маклюк не ўпэўненая, што адмова ёй ва ўездзе ў Беларусь магла быць звязана з Польшчай.
«Не думаю, што гэта звязана з Польшчай, я туды не збіралася. Хоць раней ўдзельнічала ў перамовах, як назіральніца ад грамадзянскай супольнасці» — патлумачыла актывістка Зялёнаму парталу.
У сваю чаргу, праваабаронца Наста Лойка з Human Constanta мяркуе, што прычынай адмовы ва ўездзе ў Беларусь магла стаць Расія.
«Цяжкая даваць адназначныя ацэнкі, але мне падаецца, што гэта звязана з аб'яднанай базай непажаданых асобаў Беларусі І Расіі. Але ў любым выпадку, гэтя павінны былі патлумачыць на мяжы. Варта рабіць дадатковыя запыты і абскарджваць такія дзеянні».
greenbelarus.info