Памятаеце пра вяртанне H&M у Беларусь? Насамрэч брэнд сыходзіць з краіны

Крамы H&M у Беларусі зачыніліся ў пачатку сакавіка неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне, у якой Беларусь садзейнічае Расіі. Спачатку кампанія хацела адкрыць іх у жніўні, але гэтага не здарылася. Учора ў работнікаў сеткі з'явілася новая дата — 19 верасня. «Анлайнер» звярнуўся ў H&M, каб даведацца аб далейшых планах кампаніі ў Беларусі.

image_49.jpg

Прэс-служба H&M пацвердзіла, што крамы адкрыюцца, але ненадоўга — кампанія прыняла рашэнне згарнуць бізнес у Беларусі.

— Мы часова зноў адкрыем нашы тры крамы для продажу рэшты тавараў і будзем трымаць іх адкрытымі на працягу абмежаванага перыяду часу, — сказалі ў прэс-службе.

Ці будуць зніжкі, каб распрадаць рэшту, стане зразумела ў гэты панядзелак.

Сетка H&M прыйшла ў Беларусь тры гады таму. Першы магазін шведскага мас-маркета адкрывалі з натоўпамі народу. Праз два месяцы ў сталічным Palazzo запрацаваў другі магазін, яшчэ адна кропка адкрылася ў Гродне ў ТРЦ Triniti.

Пасля расійскага ўварвання ва Украіну Беларусь пакінула шмат замежнага бізнесу. Але некаторыя брэнды, як той жа «Макдоналдс», працягваюць працаваць.