Памятаеце расійца, якога затрымалі за скокі праз Вечны агонь? Ён атрымаў рэальны тэрмін у калоніі
Вынесены прысуд расійцу, які папрасіў сябра зняць яго на фоне мемарыяла на плошчы Перамогі, у тым ліку — у скачку над Вечным агнём. Яго прызналі вінаватым у хуліганстве.
15 ліпеня суд Партызанскага раёна Мінска разгледзеў
крымінальную справу ў дачыненні да расійца, якога абвінавацілі ў хуліганстве.
Згодна з матэрыяламі справы, 29 красавіка гэтага года,
расіец «з нізінных памкненняў, якія выявіліся ў грубым парушэнні агульнапрынятых
нормаў маралі і правілаў паводзін, не менш за два разы ўстаўшы на мармуровую
пліту, усталяваную на рытуальнай пляцоўцы з Вечным агнём і абеліскам на плошчы
Перамогі, два разы пераскочыў Вечны агонь, чым адкрыта і абразліва
наздзекаваўся над звычаямі і традыцыямі грамадства».
«Абвінавачаны ў судовым пасяджэнні сваю віну прызнаў у
поўным аб'ёме, у зробленым раскаяўся», — паведамляе прэс-служба суда.
Яго прызналі вінаватым у хуліганстве (ч. 1 арт. 339) КК
Беларусі і прысудзілі да пазбаўлення волі на тэрмін 1 год і 1 месяц у папраўчай
калоніі агульнага рэжыму.
Нагадаем, расіец часта бываў у Беларусі па працоўных
пытаннях. Аднойчы яны з прыяцелем адправіліся паглядзець Мінск, і мужчына
папрасіў сябра сфатаграфаваць яго на фоне мемарыяла на плошчы Перамогі, у тым
ліку — у скачку над Вечным агнём. Мужчыны зрабілі здымкі і з'ехалі, аднак нехта з мінчан патэлефанаваў у міліцыю. У выніку расійца затрымалі ў
ходзе наступнай камандзіроўкі.
Абвінавачаны — выпускнік ваеннай ВНУ, раней не судзімы, працуе мэнэджэрам у прыватнай расійскай кампаніі, на ўтрыманні мае дваіх малалетніх дзяцей.