Памятны знак імя Івашкевіча за масавыя акцыі атрымала Ніна Багінская
Удзень 1 жніўня на мінскай сядзібе БНФ памятным знакам імя Віктара Івашкевіча ўганаравалі актывістку Ніну Багінскую.
Узнагарода заснаваная партыяй БНФ у памяць Віктара Івашкевіча — палітыка, арганізатара і заяўніка дэманстрацый і шэсцяў, які пайшоў з жыцця ў 2013 годзе. Ёю адзначаюць арганізатараў і найбольш актыўных удзельнікаў значных вулічных акцый.
Паводле арганізатараў, мінулы год быў насычаны вулічнай актыўнасцю — ад маштабных акцый пратэсту супраць «дармаедскага» дэкрэту № 3 да неадэкватнага па сваёй жорсткасці ўжывання сілы падчас Дня Волі 25 сакавіка. Багінскую ж называлі «чалавекам-сцягам», адной з «асобаў, якія натхняюць сваім прыкладам іншых».
70-гадовая Ніна Багінская ня раз выходзіла на вулічныя пікеты і акцыі пратэсту, часам на адзіночныя пікеты, у тым ліку пад дзвярыма КДБ. За гэта ёй пастаянна выпісваюць штрафы. Агулам з 2016 году яна павінна сплаціць дзяржаве больш за 18 000 тысяч рублёў. Штрафы яна прынцыпова ня плаціць, іх вылічваюць па 20% з пенсіі.
У траўні мінулага году з мінскай кватэры актывісткі судовыя выканаўцы канфіскавалі мікрахвалёўку і пральную машыну ў лік штрафаў за акцыі, але на новую пральную машыну і мікрахвалёўку для яе Байнэт сабраў грошы за 5 дзён. Таксама ў Багінскай адабралі лецішча.
Ніна Багінская дома, 30 студзеня 2015 году