Памёр Станіслаў Гусак, аўтар праекта Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара

На 72-м годзе ад інсульту памёр Станіслаў Гусак, аўтар праекта Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара, паведамляе «Свабода».

6c0f3416_ddbb_47d9_967c_1f5a8fc058ea_w1023_r1_s.webp

Інжынер-энергетык Станіслаў Гусак быў адным са стваральнікаў дэмакратычнага руху ў Беларусі на мяжы 80-90 гадоў, з'яўляўся намеснікам старшыні Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі.

З 1993 года ўваходзіў у склад Ценевага кабінета Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання, быў у камандзе Зянона Пазняка на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года.

Станіслаў Гусак быў аўтарам праекта Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара, які ў выпадку яго рэалізацыі пазбавіў бы Беларусь ад паліўнай залежнасці ад Расіі.

З кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці»:

«... 15 ліпеня 1993 года ў Доме літаратара за паўтара дзесяцігоддзя яго існавання ці не ўпершыню адбыўся форум, дзе пра літаратуру не было сказана ні слова. Тое, пра што гаварылі, з большай верагоднасцю можна было ўявіць у якім-небудзь энергетычным ведамстве ці ў праектным інстытуце.

Некалькі дзясяткаў эканамістаў, інжынераў, праекціроўшчыкаў, навукоўцаў у энергетычнай і нафтавай сферы сабраліся на міжнародную канферэнцыю краін Балта-Чарнаморскага рэгіёна "Шляхі пераадолення паліўна-энергетычнага крызісу".

...У сваім выступе Станіслаў Гусак абгрунтаваў неабходнасць стварэння Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара (БЧНК) найперш энергетычнай залежнасцю ад Расіі.

"Аднабаковы арыенцір на пастаўку нафты з Усходу прывёў да таго, што Беларусь цяпер не мае сродкаў дастаўкі нафты, акрамя як з'вязаных з Расіяй", — сказаў ён.

Таксама Гусак прывёў прыклады неадэкватнага, зусім не на карысць Беларусі, гандлёвага абмену з Расіяй.

"За адну тону расійскай нафты Беларусь пастаўляе ў Расію каля трох тон калійных солей, тады як на сусветным рынку цана адной тоны нафты эквівалентная цане дзвюх тон калійных солей. За трактар Мінскага трактарнага завода, рэалізаваны, напрыклад, у Кітаі, можна набыць па сусветных цэнах 110-120 тон нафты, за той самы трактар, пастаўлены ў Расію, Беларусь атрымлівае 72 тоны нафты".

Прыгадаў Станіслаў Гусак і ўнёсак Беларусі ў нафтавую сістэму Расіі: "Акрамя таго, штогадовыя ўнёскі Беларусі ў развіццё інфраструктуры Заходняй Сібіры складаюць дзясяткі мільярдаў рублёў. Беларусь штогод у месцах здабычы нафты пракладае 70 кіламетраў дарог, узводзіць 6 000 квадратных метраў жылля, будуе дзіцячыя садкі, школы, шпіталі, вядзе буравыя работы і гэтак далей. Агульны аб’ём штогадовых выкананых работ без кошту матэрыялаў складае 11 мільярдаў рублёў, а з улікам матэрыялаў і іншых расходаў — 65-75 мільярдаў рублёў. Гэта каля 70 мільёнаў долараў".

Выснова Гусака была сенсацыйнай: Беларусь набывае расійскую нафту па цэнах удвая вышэйшых за сусветныя. Мушу сказаць, што такія лічбы (а 70 мільёнаў у 1993 годзе былі вялізнай сумай) Кебіч дэпутатам не называў, калі казаў, што "без Расіі не пражыць".

А ў якасці выйсця прапаноўвалася стварэнне краінамі ўласных інжынерных камунікацый, якія б дазвалялі набываць і транспартаваць нафту па сваіх тэрыторыях з іншых нафтаздабываючых краін.

Існавала некалькі варыянтаў агульнага нафтавага комплексу, найлепшым выглядаў той, пры якім можна было абмінуць расійскую Унечу, злучыўшы ўмоўны "паўднёвы" і "паўночны" ўчасткі нафтаправодаў перамычкай. Па тэрыторыі Украіны яна б пралягала на 482 кіламетры, па Беларусі — на 145 кіламетраў. Што да Украіны, дык пры такім варыянце патрабавалася б будаўніцтва на яе тэрыторыі дадатковых чатырох памповачных станцый.

Агулам, стварэнне комплексу, у залежнасці ад варыянтаў, каштавала б ад 113 да 182 мільёнаў долараў.

Заўважу, што ў 1993 годзе гэтая лічба ўяўлялася астранамічнай. У параўнанні з памерамі запазычанасцей Расіі, якія Беларусь і Украіна назапасяць за наступныя дзесяцігоддзі — гэта хіба што толькі працэнты ад гэтых крэдытаў. Аднак ужо тады, у ліпені 1993-га, агульны настрой удзельнікаў канферэнцыі быў такі: трэба ісці на гэтыя страты, бо яны дазволяць у будучыні зэканоміць значна большыя сродкі».