Папа Францішак: Наша дэкларацыя не палітычная ці сацыялагічная — гэта пастырскі зварот

Наша размова з Патрыярхам Кірылам была размовай паміж братамі, сказаў Папа Францішак у кароткім звароце да журналістаў падчас пералёту з Кубы ў Мексіку. 



le_pape_francois_patriache_kirill_0_730_471_263x200.jpg

Нагадаем, у Гаване 12 лютага прайшла сустрэча Пантыфіка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.
Папа распавёў, што ў ходзе размовы закраналіся пытанні, якія турбавалі іх абодвух.
«Я адчуваў, што знаходжуся перад братам, і ён казаў мне тое ж. Два біскупы размаўлялі пра сітуацыю сваіх Цэркваў, а затым пра сітуацыю ў свеце, пра войны, якія сёння рызыкуюць перастаць быць “фрагментарнымі” і ахапіць усё; аб праваслаўі, маючым адбыцца Усеправаслаўным Саборы... Кажу шчыра, я адчуў вялікую ўнутраную радасць, якая сапраўды была ад Пана», — падзяліўся Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў, што сустрэча адбывалася ў свабоднай і радаснай атмасферы, а падчас яе абмяркоўваліся таксама некаторыя сумесныя праекты. «Аднойчы я казаў, што калі адзінства будуецца праз адукацыю, вывучэнне тэалогіі і гэтак далей, то калі прыйдзе Пан, мы ўсё яшчэ будзем яго будаваць. Адзінства будуецца на шляху, калі мы крочым па ім. Няхай Пан, калі прыйдзе, прынамсі ўбачыць, што мы крочым», — сказаў Папа.
Каментуючы дэкларацыю, падпісаную сумесна з Патрыярхам Кірылам, Пантыфік адзначыў, што будзе шмат інтэрпрэтацый гэтага дакумента. «Але гэта не палітычная ці сацыялагічная дэкларацыя: гэта пастырскі зварот, нават калі ў ім гаворыцца пра секулярызм і такія ясныя рэчы, як біягенетычныя маніпуляцыі і іншыя падобныя справы. Дэкларацыя — пастырская: двух біскупаў, якія сустрэліся са сваімі пастырскімі клопатамі», — дадаў Папа.
Паводле catholic.by