
Як прыгадвае былы супрацоўнік “Белспецпраектрэстаўрацыі”, а цяпер доктар габілітаваны Ягелонскага ўніверсітэта Юры Гардзееў, планы спраектаваць нешта на месцы дома па Калючынскай №21 былі прадпрыняты яшчэ пад канец 1980-х гг. Хто ведае, магчыма праекціроўшчыкі выцягнуць са сваіх паліц нейкую будыніну ў стылі позняга савецкага функцыяналізму і паспрабуюць прадаць новаму інвестару?
Аднак гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон перакананы, што гэтага не ў якім разе дапусціць нельга: “Ведаючы вопыт абыходжання з гicторыка-архітэктурнай каштоўнасцю ў нашай краіне, і горадзе ў прыватнасці, навіна пра магчымую пабудову гандлёва-гасцінічнага комплексу ля самай галоўнай плошчы не можа не засцярожваць. На гэтым месцы ў 1990-х быў знішчаны цэлы кварталік гістарычнай забудовы. Цяпер было б лагічна аднавіць гэты страчаны куточак старадаўняга гораду, а не будаваць на яго месцы новы аб’ект, які назаўсёды пахавае ідэю адраджэння і рэгенерацыі гістарычнага ансамблю Гародні”.
Мечыслаў дадае, што перад пачаткам якіх-небудзь работ на гэтым месцы неабходна правесці археалагічныя раскопкі, бо месца надзвычай цікавае для археолагаў і ніколі дагэтуль не вывучалася. Таму, калі і будаваць тут нешта, дык толькі аднаўляючы ранейшую забудову і прыстасоўваючы яе да сучасных патрэбаў, лічыць гісторык.
Гарадскія ўлады на гэтым месцы маглі б адпрацаваць такую схему: самім правесці археалагічныя раскопкі, зрабіць хаця б эскізны праект аднаўлення забудовы, а пасля прапанаваць інвестарам. Тыя, ведаючы, што ім ужо не прыйдзецца бясконца ўзгадняць раскопкі ды праект, пагадзіліся б на набыццё гэтага ўчастка з куды большай ахвотай, чым цяпер