Парэшткі загінулых воінаў пахавалі ў Слоніме

У Слоніме адбылося вялікае перазахаванне парэшткаў воінаў, якія загінулі ў самым пачатку вайны 1941 года.



Гэтыя парэшткі 65 воінаў Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі былі сёлета выяўлены на вуліцы Брэсцкай у Слоніме ў васьмі метрах ад шасэ Слонім—Ружаны.  Сярод выяўленых удалося расшыфраваць і ўстанавіць імёны 11 воінаў. 

У перазахаванні прынялі ўдзел кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама і Слонімскага райвыканкама, вайскоўцы, святары, а таксама дзесяткі слонімцаў.

Прыехалі на перазахаванне і сваякі тых, хто загінуў каля Слоніма. Сярод іх была Клара Аляксеенка — дачка Ягора Аляксенкі са Смаленшчыны.  Жанчына разам з братам з 1938 года чакала і шукала бацьку. І вось нарэшце праз 76 гадоў яна даведалася, што ён загінуў каля Слоніма.

Парэшткі воінаў перазахавалі ў брацкую магілу, якая знаходзіцца каля Слонімскага ўпраўлення магістральных газапровадаў.

Фота аўтара