Партыя БНФ і Рух «За свабоду» рыхтуюць адзначэнне ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну
У Слуцкі райвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне дэманстрацыі і мітынгу ў Слуцку 25 лістапада.
Плануецца збор удзельнікаў у 14:30 каля кінатэатра «Беларусь» у Слуцку, дэманстрацыя ды мітынг у Цэнтральным парку. Перад гэтым удзельнікі мерапрыемстваў з Мінску традыцыйна наведаюць навакольныя вёскі Грозаў, Семежава ды Чырвоная слабада (Вызна), дзе ўшануюць мясціны, звязаныя з падзеямі Слуцкага Збройнага Чыну.
Старшыня Руху "За свабоду" Юры Губарэвіч заявіў з нагоды запланаваных мерапрыемстваў: ”Для нас Слуцкі Збройны Чын — гэта перад усім змаганне за свабоду. Ён заклаў фундамент для таго, каб беларусы маглі будаваць годнае, самастойнае жыццё без загадаў з Усходу ці Захаду. А для сучаснай моладзі падзеі, якія адбыліся 97 год таму, павінны стаць доказам каштоўнасці беларускай незалежнасці, разбурыць міф пра тое, што яна звалілася з неба, паказаць, што дзеля незалежнай Беларусі працавалі і аддавалі свае жыцці шмат пакаленняў нашых суайчыннікаў”.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў: “Мы кожны год ушаноўваем памяць герояў Случчыны. Яны мужна, дабраахвотна пайшлі ваяваць за незалежную Беларусь, за тое, каб беларусы жылі годна і заможна ды былі сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі і мелі сваю дзяржаву. І ўшаваньне іх подзвігу мусіць ня толькі натхняць цяперашнія пакаленні беларусаў ды ўмацоўваць нашую нацыянальную годнасць, але й нагадваць любым патэнцыйным агрэсарам, што беларусы здольныя і будуць бараніць сваю краіну”.
Адказ Слуцкі райваканкам паводле закону павінны даць не пазней за пяць дзён да планаванага мерапрыемства. У мінулым годзе заяўка на правядзенне дэманстрацыі і мітынгу ў Слуцку была задаволеная і мерапрыемствы адбыліся без перашкодаў.