ПАСЕ: Беларусі яшчэ неабходна прайсці значны шлях да дэмакратычных выбараў

Працэдура падліку галасоў і правілы працы назіральнікаў на выбарчых участках у Беларусі павінны быць значна палепшаны, каб павялічыць давер да выбараў.



pase_2451.jpg

Фота з сайта БелаПАН
Аб гэтым гаворыцца ў справаздачы кіраўніка місіі назіральнікаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Рэха Дзенеміча, апублікаванай на сайце ПАСЕ.
У дакуменце адзначаецца, што прадстаўнікі асамблеі знаходзіліся ў Беларусі з 9 па 12 кастрычніка. Яны сустрэліся з кандыдатамі ў прэзідэнты або іх прадстаўнікамі, старшынёй ЦВК, кіраўніком назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, міжнародных арганізацый і СМІ.
У дзень галасавання назіральнікі ПАСЕ наведалі шэраг выбарчых участкаў у Мінску, Брэсце, Барысаве і найбліжэйшых раёнах.
Як адзначаецца ў дакладзе, міжнародная назіральная місія, куды акрамя прадстаўнікоў ПАСЕ ўваходзілі назіральнікі ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, прыйшла да высновы: Беларусі яшчэ неабходна прайсці значны шлях выканання сваіх абавязацельстваў па правядзенні дэмакратычных выбараў.
"У дзень галасавання выбаршчыкі маглі свабодна зрабіць свой выбар у прысутнасці шматлікіх мясцовых і міжнародных назіральнікаў, — гаворыцца ў справаздачы Дзенеміча.Аднак працэс падліку галасоў павінен быць значна палепшаны. Выбары не абмяжоўваюцца толькі днём галасавання, таму Беларусь павінна палепшыць заканадаўчыя межы правядзення выбараў, каб гарантаваць стварэнне канкурэнтаздольнага палітычнага асяроддзя, што з'яўляецца адной з ключавых умоў для доўгатэрміновай дэмакратычнай стабільнасці ў краіне".
У дакладзе згадваюцца змяненні, унесеныя ў Выбарчы кодэкс у 2013 годзе, якія забаранілі заклікаць да байкоту выбараў. "Пасля папярэдняй выбарчай кампаніі было ацэнена, што ў цэлым прававыя межы не гарантуюць правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, — падкрэсліваецца ў дакуменце. — Многія людзі, з якімі прадстаўнікі ПАСЕ сустракаліся цяпер, гаварылі аб тым, што, нягледзячы на дэманстраванне ўладамі гатоўнасці разгледзець рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, папраўкі, унесеныя ў выбарчае заканадаўства пасля выбараў 2012 года, не ўлічылі ніводную з ключавых рэкамендацый, якія тычацца збалансаванасці складу выбарчых камісій або працэсу датэрміновага галасавання".
Сярод пазітыўных момантаў у дакладзе называецца той факт, што ў палітычных партый і грамадскіх арганізацый з'явілася права вылучаць сваіх прадстаўнікоў мінімум на адну траціну месцаў у выбарчых камісіях, а ЦВК ухваліла рашэнне аб тым, што мясцовыя ўлады павінны прадастаўляць пісьмовыя тлумачэнні аб прычынах адмовы кандыдатам ад партый і арганізацый на членства ў камісіях. "Тым не менш прадстаўнікі апазіцыі паведамілі, што толькі каля 40 з 69 тыс. месцаў былі аддадзены ім", — гаворыцца ў дакладзе. 
У справаздачы таксама падкрэсліваецца, што ў краіне ўсё яшчэ няма адзінага рэгістра выбаршчыкаў, а спісы складаюцца на падставе звестак, прадастаўленых мясцовымі ўладамі.
Дзенеміч адзначае, што значная частка вышэйшых службовых асоб з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу і рэсурсаў грамадскіх арганізацый праводзіла агітацыю за дзейнага прэзідэнта. Пры гэтым толькі міністр працы і сацыяльнай абароны, якая ўзначальвала перадвыбарны штаб кіраўніка дзяржавы, брала адпачынак на час агітацыйнай кампаніі.
Дзейны прэзідэнт не скарыстаў сваё права на выступленні па тэлебачанні і радыё, а таксама не ўдзельнічаў у дэбатах з трыма іншымі кандыдатамі на прэзідэнцкую пасаду, адзначаецца ў дакуменце.
"Дзень галасавання прайшоў спакойна і быў добра арганізаваны. На большасці выбарчых участкаў, якія наведала місія ПАСЕ, былі прадстаўнікі кандыдатаў у прэзідэнты і мясцовыя назіральнікі", — гаворыцца ў дакладзе.
Пры гэтым падкрэсліваецца, што назіральнікам на ўчастках згодна з нормамі Выбарчага кодэкса не дазваляецца набліжацца да членаў камісіі для праверкі спісаў і подпісаў выбаршчыкаў. Членам назіральнай місіі ПАСЕ у шэрагу выпадкаў не дазволілі знаходзіцца побач са сталамі, на якіх праводзіўся падлік галасоў. "Гэтая працэдура ўсё яшчэ не прапісана дэталёва, што негатыўна адбіваецца на празрыстасці падліку галасоў і публікацыі вынікаў", — адзначае Дзенеміч.
У дакладзе таксама гаворыцца аб неабходнасці супрацоўніцтва Беларусі з ПАСЕ і Венецыянскай камісіяй для паляпшэння выбарчага заканадаўства.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН