Пасля малітвы «Магутны Божа» ў мінскі касцёл прыйшла міліцыя

У нядзелю, 4 ліпеня, вернікі на службе ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі выканалі класічны беларускі рэлігійны гімн «Магутны Божа». Пасля гэтага ў касцёл прыйшла міліцыя, распавёў біскуп Юрый Касабуцкі.

Архікатэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Фота: Яндэкс.Мапы

Архікатэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Фота: Яндэкс.Мапы


«У мінулую нядзелю, 4 ліпеня, у нашу Мінскую архікатэдру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з прэтэнзіяй, што парушана нейкая там норма заканадаўства наконт малітвы “Магутны Божа”. Што канкрэтна, яны не разумеюць самі...» — напісаў святар у Facebook, перадае REFORM.by.

Ён не паведаміў пра ўжыванне якіх-небудзь санкцый у дачыненні да людзей, што спявалі гімн, але адзначыў, што пытанне, чаму беларусам нельга спяваць «Магутны Божа», з’яўляецца рытарычным.

«Гімн “Магутны Божа” — гэта першы за ўсе малітва за нашу бацькаўшчыну і за наш народ. Кожная малітва нясе ў сабе неверагодную сілу і здольная зрабіць нават вялікія цуды. Калі ж пэўная малітва мае вялікую моц, то і д’ябал будзе змагацца з ёй з найбольшай сілай і рабіць шматлікія перашкоды, каб людзі гэту малітву не ўжывалі...», — напісаў Юрый Касабуцкі.

Гімн «Магутны Божа» з’явіўся ў ваенны час: у 1943 годзе яго напісала паэтка Наталля Арсеньева, а ў 1947 годзе кампазітар Мікалай Равенскі стварыў для яго музыку. Твор стаў гімнам пасляваеннай беларускай эміграцыі, а ў 1993 годзе Вярхоўны Савет нават прапаноўваў прыняць яго ў якасці дзяржаўнага гімна Беларусі. У апошні год песня зноў атрымала вялікую папулярнасць: яна стала адным з сімвалаў пратэсту, яе часта спяваў на мінскіх вуліцах ананімны «Вольны хор».

«На сённяшні дзень гэты гімн стаў малітвай, якая выкарыстоўваецца ў набажэнствах каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў, а таксама апошнім часам гэты гімн спяваюць людзі, якія не атаесамляюць сябе з ніякай рэлігіяй», — адзначае Юрый Касабуцкі.

Менавіта 4 ліпеня праблемы з-за малітвы «Магутны Божа» ля архікатэдральнага касцёла, відавочна, узніклі не выпадкова. Перад тым, 2 ліпеня, рэлігійны гімн згадаў Лукашэнка. Ён перасцярог каталікоў ад яго выканання. «Глядзіце, нарвёцеся», — пагражаў ён.